Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 жніўня 2016, 16:05

Перавод дзяржзакупак у электронны фармат істотна павысіў іх празрыстасць і аператыўнасць - БУТБ

23 жніўня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Перавод працэдур дзяржаўных закупак у электронны фармат істотна павысіў іх празрыстасць, аператыўнасць і канкурэнтны складнік, паведаміў начальнік упраўлення дзяржаўных закупак і рэалізацыі маёмасці ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" Кірыл Пількевіч у ходзе круглага стала "Роля біржавых таргоў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне закупак тавараў (работ, паслуг)", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Круглы стол адбыўся ў час візіту дэлегацыі Федэральнай антыманапольнай службы Расіі ў Беларусь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр гандлю Уладзімір Калтовіч, намеснік міністра гандлю Эдвард Матуліс, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), якое пачне функцыянаваць з 8 верасня.

Прадстаўнікам ФАС Расіі была даведзена падрабязная інфармацыя аб асноўных напрамках дзейнасці БУТБ, мерах, якія прымаюцца біржай для прадухілення штучнага заніжэння або завышэння цэн, а таксама ролі БУТБ у фарміраванні арганізаванага аптовага таварнага рынку ў Беларусі. У прыватнасці, паводле слоў першага намесніка старшыні праўлення БУТБ Алега Якубовіча, укараненне біржавога механізма ў сістэму закупак металапрадукцыі дало магчымасць стабілізаваць цэны на гэтым рынку і істотна скараціць колькасць пасрэдніцкіх структур. У сваю чаргу Кірыл Пількевіч расказаў аб парадку правядзення дзяржзакупак і закупак за кошт уласных сродкаў арганізацый на электронных пляцоўках БУТБ.

Удзельнікі семінара таксама абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія датычацца дзейнасці БУТБ па зборы і аналізе рыначнай інфармацыі. Пры гэтым жывую дыскусію выклікала неабходнасць рэгістрацыі на біржы пазабіржавых здзелак з біржавымі таварамі і меры адказнасці, прадугледжаныя за непрадастаўленне гэтых звестак або прадастаўленне іх з парушэннем устаноўленых тэрмінаў. Да гэтага часу не ўсе суб'екты гаспадарання рэгіструюць на БУТБ поўны аб'ём праводзімых імі пазабіржавых здзелак, аднак, як паказвае статыстыка, у цэлым дынаміка станоўчая. Калі па выніках першага квартала рэгістравалася менш за палавіну пазабіржавых здзелак, якія падлягаюць рэгістрацыі, то па выніках паўгоддзя - ужо больш за 60 працэнтаў, а па некаторых таварных пазіцыях - амаль 90 працэнтаў. У сувязі з гэтым прадстаўнікі ФАС Расіі выказаліся ў падтрымку ўзмацнення штрафных санкцый у адносінах да парушальнікаў, спасылаючыся на тое, што вопыт Расіі даказаў эфектыўнасць і прэвентыўны характар такой меры.

Другая частка мерапрыемства была прысвечана функцыям і задачам МАРГ як адзінага антыманапольнага органа Беларусі. Кіраўніцтва новага міністэрства праінфармавала прадстаўнікоў ФАС аб структуры МАРГ, спецыфіцы работы кожнага з яго падраздзяленняў і планах па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы антыманапольнага рэгулявання.

У сувязі з гэтым Уладзімір Калтовіч выказаў надзею, што цеснае ўзаемадзеянне з ФАС, у тым ліку пастаянны абмен вопытам і інфармацыяй, дапаможа зрабіць работу ўзначаленага ім міністэрства максімальна эфектыўнай, што асабліва важна цяпер, на этапе яго станаўлення.

На заканчэнне семінара начальнік упраўлення міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва ФАС Леся Давыдава падзякавала Міністэрству гандлю і БУТБ за адкрыты і канструктыўны дыялог, адзначыўшы, што, на думку ФАС, біржавы гандаль з'яўляецца эфектыўным і праканкурэнтным інструментам у фарміраванні празрыстай і аб'ектыўнай цаны. Паводле яе слоў, напрацоўкі БУТБ у гэтай галіне ўяўляюць значны інтарэс для расійскага боку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі