Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 верасня 2017, 17:25

Новы цягач МАЗ назвалі самым перспектыўным у Расіі

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтазавод стаў пераможцам штогадовага конкурсу "Лепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі". У намінацыі "Перспектыва года" не было роўных новаму цягачу МАЗ 5440М9 апошняга класа Еўра-6, расказалі ў ААТ "МАЗ".

"Цягач МАЗ 5440М9 вылучаецца новым экстэр'ерам і магутным рухавіком Mercedes-Benz OM471 на 475 коней. Пры ўласных 8250 кг ён можа везці аўтапоезд масай 44 т. Сярод пераваг - высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі і нізкі расход паліва. Акрамя таго, аўтамабіль адпавядае апошнім патрабаванням да электронных сістэм пасіўнай бяспекі. Цягач атрымаўся моцны, трывалы і непатрабавальны да суровых кліматычных умоў. Ён можа эксплуатавацца пры тэмпературах ад мінус 45 да плюс 45 градусаў", - расказалі на прадпрыемстве.

Грузавікі класа Еўра-6 распрацоўвалі для рынку Еўрасаюза, але з прыцэлам і на расійскіх перавозчыкаў, якія ажыццяўляюць рэйсы ў еўрапейскія краіны. У Расіі яшчэ не вызначаны патрабаванні да аўтамабіляў класа Еўра-6, а на Мінскім аўтазаводзе ўжо рыхтуюцца да серыйнай вытворчасці. Цягачы гэтага класа праходзяць працяглыя выпрабаванні. Для праверкі многіх кампанентаў патрабуюцца значныя прабегі - да 200 тыс. км. Інжынеры прадаўжаюць тэсціраваць надзейнасць сістэм - ад работы рухавіка да кантролю руху па паласе. У бліжэйшыя месяцы выпрабаванні завершацца, пасля чаго можна будзе пашырыць аб'ёмы вытворчасці еўрапейскіх грузавікоў.

Мінскі аўтазавод удзельнічае ў выстаўцы Comtrans-2017, якая праходзіць у Маскве з 4 па 9 верасня. На ёй прадстаўлена больш за 200 кампаній з 18 краін. МАЗ плануе не толькі паказаць навінкі, але і заключыць дзелавыя кантракты.

Конкурс "Лепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі" праводзіцца з 2001 года. На прызавыя месцы прэтэндуюць вядучыя сусветныя вытворцы грузавікоў, аўтобусаў і фургонаў. Журы конкурсу складаецца з журналістаў спецыялізаваных СМІ, якія не звязаны з вытворцамі аўтамабіляў, дыстрыб'ютарамі і дылерамі. Апошні раз Мінскі аўтазавод атрымліваў такую ўзнагароду ў 2010 годзе. Тады цягач МАЗ 5440А9 стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі "Грузавік года".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі