Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2017, 15:14

Нацбанк з 19 ліпеня зніжае стаўку рэфінансавання да 12 працэнтаў гадавых

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 19 ліпеня зніжаецца з 13 працэнтаў да 12 працэнтаў гадавых, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

"Праўленне Нацыянальнага банка прыняло рашэнне аб зніжэнні з 19 ліпеня 2017 года стаўкі рэфінансавання з 13 працэнтаў да 12 працэнтаў гадавых, ставак па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў - з 15 працэнтаў да 14 працэнтаў гадавых", - гаворыцца ў паведамленні.

Ва ўпраўленні растлумачылі, што гэта рашэнне прынята па выніках праведзенага штоквартальнага пасяджэння праўлення Нацыянальнага банка па пытаннях ацэнкі і прагнозу тэндэнцый у эканоміцы, знешнім сектары і грашова-крэдытнай сферы з улікам замацавання станоўчых тэндэнцый у эканоміцы.

Інфляцыя захоўваецца на нізкім узроўні. Паводле ацэнкі, у чэрвені 2017 года ў гадавым выражэнні яна складзе каля 6,2 працэнта. Пры гэтым назіраецца аднароднасць дынамікі інфляцыі па таварных групах, што сведчыць аб павышэнні ўстойлівасці яе запаволення. Гэта пацвярджае і дынаміка базавай інфляцыі, якая ў чэрвені ацэньваецца на ўзроўні каля 5,3 працэнта ў гадавым выражэнні.

Замацаванню гэтых тэндэнцый садзейнічаюць умераныя тэмпы росту грашовага прапанавання, пазітыўныя змяненні ў збалансаванасці плацежнага балансу і ўстойлівасць валютнага рынку.

У чэрвені прырост сярэдняй шырокай грашовай масы па-ранейшаму складзе каля 5 працэнтаў у гадавым выражэнні. Чыстае прапанаванне замежнай валюты, якое захоўваецца на ўнутраным валютным рынку, станоўча ўплывае на ўзровень золатавалютных рэзерваў і забяспечвае стабільнасць абменнага курса беларускага рубля. На гэтым фоне прадаўжаецца запаволенне інфляцыйных чаканняў, што добра паўплывае на інтэнсіўнасць росту цэн у бліжэйшыя месяцы. Магчымасці далейшага зніжэння працэнтных ставак у эканоміцы будуць вызначацца ўстойлівасцю змяншэння інфляцыйных рызык.

Стаўка рэфінансавання зніжаецца ў Беларусі шосты раз з пачатку года. Так, з 18 студзеня яна знізілася з 18 працэнтаў да 17 працэнтаў гадавых, з 15 лютага - з 17 працэнтаў да 16 працэнтаў гадавых, а з 15 сакавіка - з 16 працэнтаў да 15 працэнтаў гадавых, з 19 красавіка - з 15 працэнтаў да 14 працэнтаў гадавых, з 14 чэрвеня - з 14 працэнтаў да 13 працэнтаў гадавых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі