Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лютага 2018, 16:41

Нацбанк растлумачыў асаблівасці правядзення аперацый з крыптавалютамі пасля ўступлення ў сілу дэкрэта нумар 8

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі растлумачыў асаблівасці правядзення аперацый з крыптавалютамі пасля ўступлення ў сілу дэкрэта нумар 8. Аб гэтым заявіў на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка намеснік старшыні праўлення Сяргей Калечыц. Тэкст выступлення апублікаваны ў студзеньскім нумары часопіса "Банковский вестник", паведамляе БЕЛТА.

"Шэраг палажэнняў дэкрэта нумар 8, якія асабліва з'яўляюцца прынцыпова новымі для нашай эканомікі, патрабуе значнай работы па іх растлумачэнні грамадскасці і суб'ектам эканомікі, а таксама дапрацоўкі дзеючай нарматыўнай базы", - растлумачыў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

У сувязі з гэтым Сяргей Калечыц звярнуў увагу на некалькі важных момантаў. Па-першае, адзіным законным плацежным сродкам на тэрыторыі Беларусі застаецца беларускі рубель. Па-другое, сфера абарачэння токенаў на тэрыторыі краіны будзе абмежаванай. "Дэкрэт нумар 8 не прадугледжвае магчымасці праводзіць здзелкі па абмене токенаў на аб'екты грамадзянскіх правоў іншыя, чым беларускія рублі, замежная валюта, электронныя грошы, іншыя токены. Забараняецца таксама выкарыстанне замежнай валюты ў разліках паміж рэзідэнтамі Беларусі ў здзелках з крыптавалютамі, за выключэннем аперацый з аператарамі крыптаплатформ", - адзначыў ён.

Па-трэцяе, дэкрэтам замацаваны шэраг мер, накіраваных на павышэнне прававой абароненасці ўдзельнікаў аперацый з токенамі. Функцыі па кантролі за дзейнасцю аператараў крыптаплатформ, аператараў абмену крыптавалют у частцы выканання заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, ускладаюцца на дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй. "У сувязі з гэтым банкам трэба рэгламентаваць кантроль за правядзеннем аперацый з крыптавалютамі і іншымі лічбавымі знакамі ў рамках заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Плацяжы юрыдычных асоб за набываемыя або адчужальныя токены змогуць ажыццяўляцца па здзелках, заключаных праз рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій; плацяжы фізічных асоб - шляхам пералічэння грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі або электронныя кашалькі ўладальнікаў токенаў, аператараў крыптаплатформ, аператараў абмену крыптавалют, замежных гандлёвых пляцовак", - расказаў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Сяргей Калечыц падкрэсліў, што аперацыі з токенамі па сваёй сутнасці з'яўляюцца высокарызыкоўнымі і маюць, як правіла, спекуляцыйны характар. Рызыкі звязаны з адсутнасцю дакладнага і зразумелага механізму фарміравання іх цаны, належных гарантый па абароне правоў і законных інтарэсаў трымальнікаў токенаў, у прыватнасці па пагашэнні абавязацельстваў перад імі (у тым ліку пры куплі токенаў на замежных гандлёвых пляцоўках). "Банкам трэба павышаць фінансавую дасведчанасць сваіх кліентаў у гэтым пытанні, тлумачыць ім, што ўладальнікі токенаў бяруць на сябе ўсе магчымыя рызыкі, праводзячы адпаведныя аперацыі", - заявіў ён.

Для мінімізацыі рызык уключэння банкаў у правядзенне падазроных аперацый кліентаў, абароны інтарэсаў фізічных асоб, якія праводзяць аперацыі з лічбавымі знакамі, Нацыянальным банкам падрыхтаваны праект адпаведнай пастановы праўлення. Нормы распрацаванай Інструкцыі аб патрабаваннях да правіл унутранага кантролю банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага знішчэння дапаўняюцца палажэннямі аб аднясенні аператараў крыптаплатформ, аператараў абмену крыптавалют да асоб, рабоце з якімі банкам прысвойваецца высокая рызыка па профілі кліента, а сістэматычна ажыццяўляемыя кліентамі банка фінансавыя аперацыі з лічбавымі знакамі - да аперацый павышанай рызыкі.

"Банк павінен удзяляць такім кліентам павышаную ўвагу. Ён павінен праводзіць пашыраныя працэдуры ідэнтыфікацыі, часцей абнаўляць і верыфікаваць ідэнтыфікацыйныя даныя, праводзіць маніторынг аперацый у рэжыме бягучага кантролю. Інструкцыя будзе дапоўнена дзвюма прыкметамі падазронасці, якія ўлічваюць асаблівасці правядзення банкамі разлікаў грашовымі сродкамі па аперацыях кліентаў, звязаных з набыццём або адчужэннем лічбавых знакаў (токенаў)", - канстатаваў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Беларусь стала адной з першых краін, дзе пачата практычнае прымяненне тэхналогіі блокчэйн у рабоце банкаў. На яе аснове ў 2017 годзе рэалізаваны прыкладныя задачы па вядзенні рэестраў банкаўскіх гарантый і аперацый з каштоўнымі паперамі на Беларускай валютна-фондавай біржы. "У бягучым годзе сфера прымянення тэхналогіі блокчэйн будзе пашырана. Адной з найбольш важных задач з'яўляецца ўкараненне ў банкаўскую дзейнасць смарт-кантрактаў (заключэнне камерцыйных дагавораў у выглядзе праграмнага кода)", - паведаміў Сяргей Калечыц.

Дэкрэт нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ўступае ў сілу з 28 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі