Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 кастрычніка 2019, 13:09

Нацбанк прапануе абмеркаваць праект закона аб плацежных сістэмах і паслугах

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На грамадскае абмеркаванне выносіцца праект закона "Аб плацежных сістэмах і плацежных паслугах", паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

Як растлумачылі ў Нацбанку, асноўныя нормы праекта закона накіраваны на забеспячэнне высокай канкурэнтаздольнасці нацыянальнага плацежнага рынку, гарантаванне няўхільнага выканання правоў і законных інтарэсаў карыстальнікаў плацежных паслуг, павелічэнне долі безнаяўных разлікаў, зніжэнне долі ценявой эканомікі, паляпшэнне ўмоў для экспарту плацежных паслуг, дэманапалізацыю эканомікі. Дакумент падрыхтаваны ў сувязі з неабходнасцю комплекснага ўрэгулявання грамадскіх адносін, што ўзнікаюць пры ўнясенні плацяжоў фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, аказанні плацежных паслуг не толькі банкамі, але і іншымі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Прапануецца заканадаўча замацаваць права на прыём плацяжоў на карысць трэціх асоб такімі суб'ектамі гаспадарання, як гандлёвыя пляцоўкі, службы дастаўкі (кур'еры), аператары сотавай рухомай электрасувязі, аўтамабільныя перавозчыкі, іншыя зацікаўленыя арганізацыі, а таксама магазіны, якія працуюць у месцах, дзе банкам або нацыянальнаму аператару паштовай сувязі нерэнтабельна разгортваць сваю філіяльную сетку абслугоўвання (напрыклад, у маленьскіх населеных пунктах, вёсках).

Праект закона вызначае правілы прадастаўлення плацежных паслуг, удакладняе патрабаванні да плацежных сістэм, у тым ліку па бяспецы правядзення плацяжоў, устанаўлівае патрабаванне аб прадастаўленні банкамі доступу да рахункаў кліентаў пастаўшчыкам плацежных паслуг ініцыявання плацяжу, удакладняе правы і абавязкі карыстальнікаў плацежных паслуг і ўстанаўлівае іх для пастаўшчыкоў паслуг для раўнапраўнага і справядлівага падыходу адносна ўсіх удзельнікаў рынку.

Плануецца таксама ўдакладніць паўнамоцтвы Нацыянальнага банка ў галіне рэгулявання плацежнага рынку, нагляду за плацежнымі сістэмамі і пастаўшчыкамі плацежных паслуг.

"Прыняцце закона будзе садзейнічаць фарміраванню спрыяльнага інвестыцыйнага клімату і развіццю сярэдняга і малога прадпрымальніцтва ў Беларусі, развіццю канкурэнцыі ў нацыянальнай плацежнай сістэме", - адзначылі ў Нацбанку.

Заўвагі і прапановы па праекце закона можна накіроўваць на адрас электроннай пошты email@nbrb.by не пазней за 17 кастрычніка ўключна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі