Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 верасня 2018, 11:27

Нацбанк пракаменціраваў прычыны захавання стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 10 працэнтаў

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праўленне Нацыянальнага банка пракаменціравала рашэнне аб захаванні стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні - 10 працэнтаў. Каментарый размешчаны на сайце Нацбанка, паведамляе БЕЛТА.

"Прымаючы гэта рашэнне, члены праўлення ўлічвалі прагнозную дынаміку інфляцыі і ўплыў на яе знешніх і ўнутраных фактараў, а таксама неабходнасць падтрымання інфляцыі паблізу ўстаноўленай на 2019-2020 гады мэты 5 працэнтаў", - адзначаецца ў каментарыі.

Развіццё беларускай эканомікі адбываецца ва ўмовах пагаршэння знешняй кан'юнктуры. Важным фактарам гэтага выступае сітуацыя ў Расіі, перш за ўсё з-за павелічэння гандлёвых абмежаванняў і палітыкі санкцый супраць яе. Назіраецца ўзмацненне адтоку капіталу і істотнае аслабленне расійскага рубля, што стане фактарам паскарэння інфляцыйных працэсаў у Расіі.

Павялічылася ступень нявызначанасці адносна далейшага развіцця сітуацыі на сусветных фінансавых рынках і геапалітычнай абстаноўкі. З-за эскалацыі гандлёвых войнаў існуюць рызыкі запаволення тэмпаў росту эканомік іншых краін - асноўных гандлёвых партнёраў і ўзмацнення ваганняў на фінансавых рынках.

Рэалізацыя знешніх рызык можа прывесці да націску на інфляцыю і павысіць інфляцыйныя чаканні ў Беларусі.

Інфляцыя ў Беларусі знаходзіцца на ўзроўні ўстаноўленай на 2019-2020 гады мэты. У жніўні 2018 года прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні склаў 5 працэнтаў і павялічыўся ў параўнанні з папярэднімі месяцамі (4,1 працэнта ў чэрвені і ліпені 2018 года). Фактарам росту агульнага ўзроўню цэн стала павелічэнне адміністрацыйна рэгулюемых цэн, у тым ліку тарыфаў на паслугі сувязі, рознічных цэн на паліва і тытунёвыя вырабы.

Базавая інфляцыя ў жніўні 2018 года павялічылася да 3,3 працэнта, галоўным чынам пад уплывам кан'юнктурных фактараў (рост цэн на мяса птушкі і свініну). Да канца года прагназуецца некаторае яе паскарэнне, звязанае як з захаваннем названых кан'юнктурных фактараў, так і з ростам цэн на імпартуемыя тавары і паслугі пад уплывам пагаршэння знешнеэканамічных умоў.

Па выніках 2018 года інфляцыя чакаецца каля 5,5 працэнта, у наступныя гады - паблізу ўстаноўленага мэтавага арыенціра 5 працэнтаў.

Эканамічны рост набліжаецца да раўнаважнага ўзроўню. Эканамічная актыўнасць Беларусі запавольваецца пасля высокіх тэмпаў аднаўленчага росту. Спажывецкі попыт пакуль застаецца даволі высокім. У той жа час інтэнсіўнасць росту спажывецкага крэдытавання і рэальных заработных плат запавольваецца.

У Нацбанку лічаць, што ў далейшым тэмп росту эканомікі ацэньваецца блізкім да раўнаважнага і, як вынік, не будзе аказваць на цэны ні паніжаючага, ні павышаючага ўплыву. На адсутнасць значнага інфляцыйнага ўплыву ў будучым з боку спажывецкай актыўнасці паказваюць даныя апытання насельніцтва, праведзенага ў жніўні 2018 года, згодна з якім зніжаецца колькасць рэспандэнтаў, схільных купляць тавары ў крэдыт.

Для стрымлівання інфляцыйнага націску з боку знешняга сектара і дасягнення мэтавага паказчыка па інфляцыі спатрэбіцца захаванне існуючых манетарных умоў. У ІІІ квартале 2018 года манетарныя ўмовы аказваюць дэзінфляцыйны ўплыў, у першую чаргу за кошт дынамікі рэальнага курса беларускага рубля.

Дынаміка працэнтных ставак на грашовым рынку забяспечвае ўмераны рост крэдытавання эканомікі і падтрыманне грашовага прапанавання ў запланаваных параметрах. За жнівень 2018 года прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў гадавым выражэнні склаў 10,8 працэнта. У цэлым працэнтныя стаўкі не прыводзяць ні да зніжэння, ні да паскарэння інфляцыі.

"У гэтых умовах захаванне стаўкі рэфінансавання на бягучым узроўні будзе садзейнічаць знаходжанню інфляцыі ў бліжэйшыя гады на ўзроўні 5 працэнтаў", - заявілі ў Нацбанку.

Далейшыя рашэнні па змяненні стаўкі рэфінансавання будуць вызначацца прагнозам інфляцыі, а таксама верагоднасцю і велічынёй рэалізацыі інфляцыйных рызык, што стрымліваюць дасягненне ўстаноўленай мэты.

Наступнае пасяджэнне праўлення Нацыянальнага банка, на якім будзе разглядацца пытанне аб узроўні стаўкі рэфінансавання, запланавана на 19 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі