3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк пашырыў пералік прыкладаў нядобрасумленных практык банкаў. Адпаведнае пісьмо рэгулятара ў адрас банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый размешчана на сайце Нацбанка, паведамляе БЕЛТА.
Нацбанк раней накіроўваў банкам і нябанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям пісьмо з рэкамендацыяй выключыць нядобрасумленныя практыкі пры выдачы крэдытаў і прыцягненні дэпазітаў. Цяпер пералік прыкладаў нядобрасумленных практык пашыраны. Да іх Нацбанк адносіць настойлівае прапаноўванне (навязванне) заключэння дагавора страхавання (медыцынскіх расходаў, жыцця і здароўя і інш.), не звязанага з забеспячэннем выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы, пры прадастаўленні крэдыту; непрадстаўленне заяўніку інфармацыі аб магчымасці заключэння крэдытнага дагавора без заключэння дагавора страхавання і іншых дагавораў на аказанне платных паслуг.
Недапушчальна таксама непрадстаўленне заяўніку інфармацыі аб магчымасці заключэння дагавора страхавання ў іншых страхавых арганізацыях, адрозных ад прапанаваных банкам; павелічэнне памеру працэнтаў за карыстанне крэдытам у выпадку нязгоды заяўніка з заключэннем дагавора добраахвотнага страхавання, не звязанага з забеспячэннем выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы.
Не з'яўляецца дапушчальным уключэнне ў абавязковым парадку сумы страхавога ўзносу па дагаворы добраахвотнага страхавання ў суму крэдыту, які прадастаўляецца.
Банкам трэба ўлічваць выкладзенае пры арганізацыі работы з кліентамі для недапушчэння нядобрасумленных практык у сваёй рабоце.-0-