Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 ліпеня 2017, 16:52

Нацбанк Беларусі канстатуе дадатныя тэндэнцыі ў грашова-крэдытнай сферы ў I паўгоддзі

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі канстатуе дадатныя змяненні ў грашова-крэдытнай сферы па выніках першага паўгоддзя 2017 года, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

Вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў першым паўгоддзі бягучага года разгледжаны 27 ліпеня на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка.

Так, скаардынаваная накіраванасць палітыкі Нацыянальнага банка і ўрада на забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці садзейнічала стрымліванню інфляцыйных працэсаў. У чэрвені гадавы прырост спажывецкіх цэн знізіўся да 6,5 працэнта з 10,6 працэнта ў снежні 2016 года. Базавая інфляцыя ў чэрвені 2017 года склала 5,3 працэнта ў гадавым выражэнні.

Зніжэнне фактычнай інфляцыі і ўпэўненасць ва ўстойлівасці гэтай тэндэнцыі далі магчымасць Нацыянальнаму банку ў першым паўгоддзі паскорыць дынаміку зніжэння стаўкі рэфінансавання, што садзейнічала змяншэнню працэнтных ставак і на крэдытна-дэпазітным рынку.

На фоне залішняй ліквіднасці банкаў дынаміка крэдытавання застаецца невысокай. У карпаратыўным сегменце крэдытаванне стрымлівае нізкі плацежаздольны попыт прадпрыемстваў. У цэлым дэзынфляцыйны ўплыў унутранага попыту захоўваецца, нягледзячы на актывізацыю спажывецкага крэдытавання ў II квартале.

Што датычыцца рынку дэпазітаў, то захоўваецца тэндэнцыя скарачэння ўкладаў у замежнай валюце пры росце тэрміновых дэпазітаў у беларускіх рублях, што адлюстроўвае працэсы дэдаларызацыі.

Па выніках першага паўгоддзя таксама забяспечаны рост золатавалютных рэзерваў пры зніжэнні валютных абавязацельстваў Нацыянальнага банка.

У банку дадалі, што інфляцыйныя чаканні ў эканоміцы зніжаюцца, хоць застаюцца даволі высокімі. У канцы II квартала адзначаецца больш хуткае аднаўленне росту даходаў насельніцтва і спажывецкага попыту, што нараўне з чэрвеньскім ростам цэн на прадукты харчавання можа стрымліваць далейшае запаволенне інфляцыі.

У другім паўгоддзі 2017 года Нацыянальны банк прадоўжыць рэалізацыю манетарнай палітыкі, накіраванай на ўстойлівае запаволенне інфляцыі і падтрыманне макраэканамічнай збалансаванасці. У далейшым магчымасць зніжэння працэнтных ставак будзе вызначацца развіццё макраэканамічнай сітуацыі ў цэлым, скорасцю набліжэння прыросту цэн да сярэднетэрміновай мэты (не больш як 5 працэнтаў у 2020 годзе), а таксама станам і перспектывамі плацежнага балансу Беларусі, рэзюмавалі ў Нацыянальным банку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі