Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 кастрычніка 2016, 17:00

Нацбанк адзначае аднаўленне прыросту тэрміновых укладаў у нацыянальнай валюце

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі адзначае аднаўленне прыросту тэрміновых укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка па выніках пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка.

Як было адзначана ў ходзе пасяджэння, па выніках студзеня-верасня індэкс спажывецкіх цэн не перавысіў прагнознага значэння. Пры гэтым фактычная дынаміка інфляцыйных працэсаў дае магчымасць разлічваць на дасягненне асноўнай мэты грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год - інфляцыя па выніках года не перавысіць 12 працэнтаў.

"Паслядоўная эканамічная палітыка, накіраваная на падтрыманне макраэканамічнай стабільнасці і стрымліванне інтэнсіўнасці інфляцыйных працэсаў, прадаўжае аказваць станоўчы ўплыў на збалансаванасць плацежнага балансу і фарміраванне чыстага прапанавання замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку", - сказалі ў Нацбанку.

Назіраецца павышэнне ўнутранай устойлівасці і на крэдытна-дэпазітным рынку. Змяншэнне памеру рызык-прэміі ў працэнтных стаўках стварае ўмовы для іх паслядоўнага зніжэння, а захаванне станоўчага ў рэальным выражэнні ўзроўню працэнтных ставак дае магчымасць падтрымліваць прывабнасць зберажэнняў у нацыянальнай валюце.

У апошнія месяцы аднаўляецца прырост тэрміновых укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце. На гэтым фоне адбываецца паляпшэнне структуры дэпазітнага рынку, што выражаецца ў павелічэнні долі безадзыўных укладаў у нацыянальнай валюце з больш працяглымі тэрмінамі. Так, удзельная вага безадзыўных укладаў у агульным аб'ёме новых тэрміновых дэпазітаў у беларускіх рублях павялічылася з 32,2 працэнта ў студзені да 54,1 працэнта ў верасні. Адпаведна, змяншаюцца рызыкі для фінансавай стабільнасці.

Як было падкрэслена ў ходзе пасяджэння, адной з важнейшых задач банкаўскай сістэмы краіны на бліжэйшую перспектыву павінен стаць актыўны ўдзел у фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў рэальнага сектара, трансфармацыі і ажыўленні дзелавога асяроддзя. Роля банкаў у гэтых працэсах - прадаставіць суб'ектам гаспадарання максімальна шырокі спектр інструментаў, якія садзейнічаюць павышэнню іх канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці фінансава-эканамічнай дзейнасці. Пры гэтым размова павінна ісці не толькі аб фінансавай падтрымцы (перш за ўсё, інвестыцыйнага характару), але і аб аказанні банкамі суб'ектам гаспадарання кансалтынгавых паслуг, уключаючы паслугі па рэарганізацыі прадпрыемстваў, рэінжынірынгу бізнес-працэсаў, суправаджэнні здзелак па зліцці і паглынанні, прыцягненні прамых і партфельных інвестыцый.

Пытанне аб развіцці ў краіне інвестыцыйнага банкінгу разгледжана 13 кастрычніка на пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка з удзелам кіраўнікоў камерцыйных банкаў. Па выніках абмеркавання прынята рашэнне прадоўжыць работу па ўкараненні, пашырэнні паслуг і інструментаў інвестыцыйнага банкінгу. У прыватнасці, пасля прыняцця закона аб інвестыцыйных фондах Нацыянальным банкам сумесна з Асацыяцыяй беларускіх банкаў будуць праведзены мерапрыемствы па стварэнні фондаў прамых інвестыцый. Акрамя таго, прынята рашэнне аб дапрацоўцы Стратэгіі развіцця фінансавага рынку Беларусі з улікам вырашэння праблемных пытанняў развіцця інвестыцыйнага банкінгу. У І квартале 2017 года гэтыя пытанні будуць вынесены на абмеркаванне Міжведамаснай камісіі па развіцці фінансавага рынку Рэспублікі Беларусь.

Вынікам запланаванай работы стане распрацоўка матрыцы мер па пашырэнні спектра, развіцці і прымяненні інвестыцыйна-банкаўскіх паслуг у Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі