Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 кастрычніка 2017, 15:38

МПЗ растлумачыла парадак выплаты адзінага падатку для фізічных асоб пры дзейнасці без рэгістрацыі ІП

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка растлумачыла сёння на прэс-канферэнцыі парадак выплаты адзінага падатку для фізасоб пры дзейнасці без рэгістрацыі ІП, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Грамадзяне, якія выказалі жаданне займацца дзейнасцю па заяўным прынцыпе, да пачатку яе ажыццяўлення павінны выплаціць падатак. Як правіла, ён выплачваецца штомесячна, па жаданні гэта можна зрабіць на квартал або на год наперад. Калі падатковыя органы выявяць факты заняцця дзейнасцю па заяўным прынцыпе без выплаты падатку, то першапачаткова выносіцца папярэджанне, а вось у далейшым падатак выплачваецца ўжо ў пяціразовым памеры. Гэта норма ёсць сёння ў Падатковым кодэксе. Такія санкцыі прымяняюцца, - расказала Святлана Шаўчэнка. - Базавыя межы ставак устаноўлены ўказам нумар 337. Памеры ставак будуць вызначаны абласнымі Саветамі дэпутатаў і Мінгарсаветам".

Паводле слоў намесніка міністра, падатковыя органы арыентаваны на растлумачальную работу з грамадзянамі. "Уся неабходная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце МПЗ, тлумачыцца, што трэба зрабіць, каб выконваць патрабаванні заканадаўства. У далейшым, лічым, парушэнняў будзе менш", - дадала Святлана Шаўчэнка.

Прэзідэнт 19 верасня 2017 года падпісаў указ нумар 337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб". Дакументам пашыраецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне маюць права займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў пры ўмове выплаты адзінага падатку.

У гэты пералік увайшлі такія віды дзейнасці, як рэалізацыя самастойна прыгатаваных грамадзянамі кулінарных вырабаў, прадастаўленне месц для кароткатэрміновага пражывання фізічных асоб, выкананне па заказах спажыўцоў работ па рамонце мэблі, гадзіннікаў і абутку, пашыве адзення, настройцы музычных інструментаў, распілоўцы дроў, пагрузцы грузаў, муроўцы печаў і камінаў, а таксама выкананне аддзелачных работ і аказанне грамадзянам паслуг па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп'ютарнага і перыферыйнага абсталявання. У пералік таксама ўключаны паслугі па дызайне памяшканняў, інтэр'ера, мэблі, адзення і абутку, графічным дызайне, цырульніцкія і касметычныя паслугі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі