Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 верасня 2017, 19:25

МПЗ растлумачыла кітайскім кампаніям умовы падаткаабкладання ў Беларусі

8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Семінар "Прававое рэгуляванне дзейнасці кітайскіх кампаній на тэрыторыі Беларусі", які прайшоў сёння ў Мінску, накіраваны на растлумачэнне асаблівасцей падаткаабкладання для кітайскіх кампаній і папярэджанне падатковых правапарушэнняў. Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця падатковых органаў Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Сяргей Шкут, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кітай - сур'ёзны інвестар у эканоміку Беларусі. Наша мэта заключаецца ў тым, каб растлумачыць падатковы складнік прававога рэгулявання дзейнасці кітайскіх кампаній у Беларусі, перасцерагчы іх ад ненаўмысных памылак. Абмеркаванне бягучага падатковага заканадаўства дае магчымасць не толькі вырашыць праблемныя пытанні, але і вызначыць далейшае развіццё падатковай сістэмы, накіраванае на стварэнне спрыяльнага падатковага асяроддзя для беларускага бізнесу і інвестараў", - сказаў Сяргей Шкут.

Як адзначыў намеснік старшыні Асацыяцыі кітайскіх кампаній Чжан І, сістэмы падаткаабкладання Беларусі і Кітая маюць істотныя адрозненні, таму семінар прынясе карысць кітайскім спецыялістам. "Для прыцягнення ў краіну вялікай колькасці замежных кампаній неабходна прадастаўляць ім добрыя падатковыя льготы", - падкрэсліў ён. Цяпер у Асацыяцыю кітайскіх кампаній, якая пачала работу ў Беларусі ў 2015 годзе, уключаны 30 кампаній.

Намеснік начальніка аддзела спецыяльных рэжымаў падаткаабкладання МПЗ Таццяна Крукоўская расказала аб падатковых стымулах, устаноўленых для стварэння і развіцця бізнесу на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Так, яго рэзідэнты вызваляюцца на працягу 10 каляндарных гадоў ад падатку на прыбытак адносна прыбытку, атрыманага ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, вырабленых імі на тэрыторыі індустрыяльнага парка. Пасля заканчэння 10-гадовага тэрміну ў адносінах да гэтага прыбытку рэзідэнты выплачваюць падатак на прыбытак па стаўцы, зменшанай на 50 працэнтаў ад агульнаўстаноўленай стаўкі. Акрамя таго, яны вызваляюцца ад падатку на нерухомую маёмасць па ўсіх аб'ектах падаткаабкладання, размешчаных на тэрыторыі індустрыяльнага парка.

На семінары таксама абмяркоўваліся аспекты дзейнасці кітайскіх арганізацый у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, асаблівасці вылічэння і выплаты падаходнага падатку пры выплаце зарплаты супрацоўнікам пастаяннага прадстаўніцтва і ўлік затрат па размяшчэнні супрацоўнікаў пастаяннага прадстаўніцтва замежнай кампаніі на тэрыторыі Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі