Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2017, 12:38

МПЗ распрацавала спрошчаны парадак рэгістрацыі плацельшчыкаў ПДВ на замежныя электронныя паслугі

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах распрацавала спрошчаны парадак рэгістрацыі плацельшчыкаў ПДВ на замежныя электронныя паслугі, паведаміла сёння журналістам намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая перад пачаткам міжнароднай канферэнцыі "Спагнанне ўскосных падаткаў па электронных паслугах і электронным гандлі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ўжо зацвердзілі форму падатковых дэкларацый для нерэзідэнтаў. Яна намнога прасцейшая, чым форма, якая існуе для нашых беларускіх суб'ектаў гаспадарання. Форма распрацавана на дзвюх мовах - рускай і англійскай. Калі гаворым пра асабісты кабінет для плацельшчыкаў ПДВ на замежныя электронныя паслугі, то мы і яго стараліся зрабіць вельмі простым і зручным. Работу праводзім разам з Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг. Ідзе падрыхтоўка тэхнічнага задання і непасрэднага стварэння асабістага кабінета", - растлумачыла намеснік міністра.

У канцы 2016 года былі падрыхтаваны змяненні ў Падатковы кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць падаткаабкладанне замежных электронных паслуг. Папраўкі ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2018 года, пасля чаго кампаніі - пастаўшчыкі такіх паслуг могуць пачаць рэгістравацца ў Беларусі ў якасці плацельшчыкаў.

Як растлумачыла начальнік упраўлення міжнароднага падатковага супрацоўніцтва МПЗ Ала Сундукова, спецыялісты міністэрства пачалі ўжо работу з вялікімі замежнымі кампаніямі - пастаўшчыкамі электронных паслуг. "У першую чаргу мы размясцілі інфармацыю на сваім сайце на дзвюх мовах, акрамя таго ўсіх патэнцыяльных плацельшчыкаў, якія заняты ў гэтай галіне, апавясцілі праз электронную пошту. Гэта была першая рассылка інфармацыі. Потым мы звязаліся з вялікімі аўдытарскімі кампаніямі, якія абслугоўваюць такія кампаніі, і папрасілі іх інфармаваць сваіх кліентаў. Акрамя таго, мы прадаставілі загадзя праект падатковай дэкларацыі, каб з імі абмеркаваць. І трэба адзначыць, што паступіла даволі шмат прапаноў і заўваг, якія мы ўлічылі. Такім чынам, упэўнены, што шэраг замежных кампаній рыхтуецца выканаць свае падатковыя абавязацельствы ў Беларусі", - падкрэсліла яна. Для работы з нерэзідэнтамі вызначаны адзін падатковы орган - падатковая інспекцыя па Мінску, дзе ствараецца спецыяльнае падраздзяленне, якое будзе працаваць з такімі кампаніямі.

Гаворачы аб тым, якія менавіта кампаніі закране новаўвядзенне, начальнік упраўлення міжнароднага падатковага супрацоўніцтва МПЗ адзначыла, што размова ідзе пра любыя пасрэдніцкія кампаніі, якія працуюць як інфармацыйна-лічбавыя пляцоўкі і аказваюць паслугі фізічным асобам. У якасці прыкладу яна назвала Google, Booking.com, App Store. "Такі механізм працуе ў Еўропе, Расіі. Замежныя кампаніі ўжо знаёмы з імі, мы спадзяёмся, што ўваходжанне падатковай службы Беларусі ў гэты працэс будзе гладкім, паколькі перанялі ўсе лепшыя практыкі, якія існуюць па гэтым пытанні", - сказала Ала Сундукова.

Адказваючы на пытанне, якія прагнозы МПЗ па суме атрыманых падаткаў ад замежных кампаній - пастаўшчыкоў электронных паслуг, яна падкрэсліла, што прадбачыць гэта цяжка. "Але мы пэўнымі лічбамі аперыравалі. Паглядзелі, колькі было аказана такіх паслуг па статыстыцы за апошнія гады, і прыкладна ўяўляем, колькі будзем атрымліваць сродкаў - гэта як мінімум некалькі мільёнаў долараў у год, ад $4 млн і вышэй, калі больш дакладна", - заявіла яна.

У канферэнцыі прымае ўдзел эксперт з Еўрасаюза, кіраўнік падраздзялення падаткаў на спажыванне Цэнтра падатковай палітыкі і адміністравання Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця П'е Бато, які прыехаў прэзентаваць вопыт ЕС у гэтай сферы. Паводле слоў эксперта, за год пасля ўкаранення сістэмы спагнання ПДВ з тавараў і паслуг, якія рэалізуюцца праз вялікія інтэрнэт-пляцоўкі, у краіны ЕС паступіла амаль 500 млн еўра. "Распрацоўваючы ў сябе такую сістэму, мы працавалі сумесна з бізнесам, з прадстаўнікамі кампаній, прычым з высокапастаўленымі прадстаўнікамі. І мы добра далі зразумець, што ў іх інтарэсах працаваць сумесна з прадстаўнікамі ўрадаў, узаемадзейнічаць і знаходзіць механізмы і рашэнні, якія будуць узаемавыгадныя для ўсіх бакоў. Мы падышлі да гэтага працэсу, грунтуючыся на такім прынцыпе: як зрабіць так, каб бізнесу было лёгка адпавядаць усім нормам і патрабаванням і складана ім не адпавядаць", - падкрэсліў П'е Бато.

Міжнародная канферэнцыя "спагнанне ўскосных падаткаў па электронных паслугах і электронным гандлі" праходзіць сёння ў Мінску. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі, Расіі, АЭСР, Казахстана, Азербайджана, Кыргызстана, Еўразійскай эканамічнай камісіі, кіраўнікі арганізацый - удзельнікаў ланцугоў паставак (імпарцёры, экспарцёры, біржавыя, гандлёвыя і лагістычныя прадпрыемствы), пастаўшчыкі і спажыўцы паслуг EDI і ЭДА, прадстаўнікі дзяржаўных сістэм кіравання адкрытымі ключамі, міжнародныя эксперты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі