Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 студзеня 2016, 10:35

МПЗ да 1 жніўня сфарміруе спіс плацельшчыкаў, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў

4 студзеня, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах Беларусі да 1 жніўня бягучага года сфарміруе спіс плацельшчыкаў збору, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў міністр па падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка.

"У міністэрстве будзе апрацавана інфармацыя, якая паступае ад усіх дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, і да 1 жніўня сфарміраваны спіс плацельшчыкаў збору. Тады мы і зможам сказаць аб колькасці грамадзян, якім будзе накіравана апавяшчэнне на выплату збору", - сказаў кіраўнік ведамства.

 

Паводле даных МПЗ, на 1 студзеня гэтага года добраахвотна паведамілі аб няўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў 420 чалавек. Ім прад'яўлена да выплаты Br1,3 млрд.

"Тая катэгорыя, якая падлягае абкладанню зборам, зафіксавана ў дэкрэце. Часавым адрэзкам, па якім людзі могуць стаць яго плацельшчыкамі, будзе з'яўляцца 2015 год. Асноўны крытэрый - 183 дні. Калі грамадзяне не ажыццяўляюць працоўную дзейнасць, ёсць катэгорыі, якія не будуць выплачваць збор", - адзначыў Сяргей Налівайка.

Падрыхтаваны праект дэкрэта "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года нумар 3". Праектам карэкціруюцца некаторыя палажэнні трэцяга дэкрэта для іх адназначнага разумення, павялічваецца мяжа ўзросту дзяцей, пры выхаванні якіх грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў (да дасягнення дзіцем узросту 10 гадоў уключна або старэйшага за гэты ўзрост да завяршэння ім навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі). Акрамя таго, мясцовым Саветам дэпутатаў плануецца прадаставіць права вызваляць грамадзян ад выплаты адпаведнага збору ў сувязі са знаходжаннем у складанай жыццёвай сітуацыі.

Міністр таксама звярнуў увагу на тое, што, напрыклад, у Расіі з'явіліся фірмы, якія прапануюць за грошы даведкі аб тым, што чалавек нібы знаходзіўся на тэрыторыі РФ і выплачваў там падаткі. Такім чынам грамадзяне хочуць пазбегнуць адпаведнага плацяжу. "Мне хацелася б папярэдзіць людзей, каб яны не гублялі ні час, ні грошы. Мы жывём у 21 стагоддзі. Улічваючы, што ў нас вельмі добрыя адносіны з калегамі з Федэральнай падатковай службы - уся інфармацыя элементарна будзе праверана. Мы назіраем цяпер за шэрагам прадпрымальнікаў, якія ў Расіі атрымліваюць фіктыўныя дакументы, і вядзём дэталёвае высвятленне", - канстатаваў кіраўнік ведамства.

Дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" падпісаны кіраўніком дзяржавы 2 красавіка 2015 года. Для яго рэалізацыі прынята пастанова ўрада, якая рэгулюе парадак узаемадзеяння дзяржорганаў па фарміраванні базы даных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Цяпер Міністэрствам па падатках і зборах распрацаваны інфармацыйны рэсурс, якія дае магчымасць аптымізаваць працэс фарміравання спіса плацельшчыкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі