Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 жніўня 2016, 13:47

Мясніковіч прапануе ўвесці ў Беларусі патэнтную сістэму для самазанятых

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна ўвесці патэнтную сістэму для самазанятых. Такую ініцыятыву агучыў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта сістэма дасць магчымасць легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць без адкрыцця ІП.

"Трэба ўводзіць патэнт для самазанятасці і вызначыць прававы статус самазанятага, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Рэгістрацыя праз куплю патэнта на самазанятасць без пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўных прастымулюе прадпрымальніцкую актыўнасць асоб, якія страцілі работу, выхад з ценю людзей, якія доўга не працуюць, але ўключаны ў ценявую занятасць".

Тэрміны "самазанятасць" і "самазаняты" ў нацыянальным заканадаўстве цяпер адсутнічаюць. На думку Міхаіла Мясніковіча, да самазанятых могуць быць аднесены асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка - рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, работнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. "Можна было б пашырыць віды дзейнасці, дапоўніўшы пералікі будаўніча-мантажнымі, рамонтнымі работамі, перавозкай пасажыраў і грузаў. Сёння многія з гэтых работ у цені, людзі пры гэтым не абаронены, не могуць адстойваць свае пазіцыі ў судзе", - канстатаваў ён.

Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, самазанятасць можа сумяшчацца і з асноўнай работай па працоўным дагаворы. Пры паспяховым вядзенні бізнесу самазанятасць можа перайсці да статусу ІП.

Кошт патэнта на самазанятасць можна наблізіць да памеру адзінага падатку, лічыць Міхаіл Мясніковіч. Спатрэбяцца таксама меры падтрымкі самазанятых: мікракрэдытаванне, бязвыплатнае прадастаўленне памяшканняў, кансультацыі і г.д. "Фіскальны эфект будзе невысокі, але ён перакрываецца па значнасці сацыяльным эфектам, - упэўнены ён. - Самазаняты не будзе атрымліваць сацыяльнай дапамогі, але ён не дэградуе, ён забяспечвае сябе работай, корміць сям'ю, аказвае значныя паслугi або вырабляе запатрабаваныя тавары. У сацыяльным плане ён не беспрацоўны, што таксама важна для чалавека".

На думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна фарміраваць грамадскую думку па гэтай тэме, выхоўваць у людзях пачуццё адказнасці за свой дабрабыт, спыняць культываванне ўтрыманства і імкненне жыць за чужы кошт.

Пытанне занятасці павінна быць прадметам асаблівай увагі дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў, падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі. Пільную ўвагу пры гэтым трэба ўдзяляць сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва - інвалідам, шматдзетным і няпоўным сем'ям, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. Асаблівая роля пры гэтым належыць мясцовым Саветам дэпутатаў. "Трэба актывізаваць работу дэпутацкіх груп па разглядзе пытанняў занятасці і аплаты працы", - дадаў ён.

Звяртаючыся да абласных і мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Міхаіл Мясніковіч закрануў праблемы бюракратычнай валакіты пры ўзгадненні і выдачы дазвольных дакументаў на стварэнне і работу ІП, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. "Спрасціце, паважаныя калегі, адпаведныя парадкі", - сказаў ён.

Прымаючы меры па павышэнні занятасці, толькі давядзеннем заданняў па стварэнні новых рабочых месц усё не вырашыць, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. "Трэба ствараць умовы для новых прадпрыемстваў і пашырэння дзеючых. На жаль, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца, - канстатаваў ён. - У свой час быў разлік на рамесную дзейнасць".

Сёння рамеснікаў толькі 6636 чалавек. "Узнікае пытанне - чаму не атрымлівае развіццё гэта форма занятасці, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - На думку МПЗ, асноўная прычына - у строгіх і не заўсёды абгрунтаваных патрабаваннях з боку ўзгадняючых арганізацый. Напрыклад, каб праводзіць тэхабслугоўванне і рамонт аўтатранспартных сродкаў, фiзiчнай асобе трэба атрымаць дзевяць узгадненняў, у тым ліку ад санітарнай службы, Мінпрыроды, Дзяржстандарту, Мінгандлю, выканкамаў і г.д.".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі