Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 жніўня 2016, 15:31

Мясніковіч прапануе павысіць ролю мясцовага самакіравання ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач

24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ролю органаў мясцовага самакіравання ў рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі неабходна павышаць. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Справядлівай будзе пастаноўка задачы павышэння ролі мясцовага самакіравання ў рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Дзейснае мясцовае самакіраванне можа стаць магутным рэсурсам для развіцця эканамічнага патэнцыялу краіны, фарміравання спрыяльнага прадпрымальніцкага асяроддзя, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёнаў, стварэння новых вытворчасцей і рабочых месц".

Звяртаючыся да старшынь абласных і мінскага гарадскога саветаў дэпутатаў, старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што дэпутаты не павінны чакаць нейкай каманды, а самі ініцыіраваць прапановы па вырашэнні праблем на месцах, больш актыўна працаваць з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі.

"Маніторынгавым і дэпутацкім групам трэба актывізаваць работу ў рэгіёнах сумесна са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў, задзейнічаць рэальныя магчымасці і рэзервы кожнай тэрыторыі. Вельмі важна гэта зрабіць цяпер, пакуль ідзе абмеркаванне праектаў мясцовых бюджэтаў на чарговы фінансавы год", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, на сесіях саветаў дэпутатаў трэба прымаць канкрэтныя рашэнні. "Няхай іх будзе менш, але яны будуць вырашаць пэўныя задачы ў інтарэсах людзей", - рэзюмаваў старшыня Савета Рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі