Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 кастрычніка 2016, 17:22

Мясніковіч: патрэбна разумная абарона беларускага таваравытворцы

27 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Патрэбна разумная абарона беларускага таваравытворцы. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч у ходзе наведвання ААТ "Мінскі камбінат сілікатных вырабаў".

"Патрэбна абарона беларускага таваравытворцы - не бяздумная, якая заахвочвае безгаспадарчасць, а менавіта разумная. І, зразумела, павінна быць добрасумленная канкурэнцыя", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Сёння старшыня Савета Рэспублікі наведаў цэхі Мінскага камбіната сілікатных вырабаў, азнаёміўся з вытворчасцю, паразмаўляў з кіраўніцтвам прадпрыемства, прадстаўнікамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Мінгарвыканкама, Мінгарсавета, Беларускай цэментнай кампаніі, а таксама сустрэўся з працоўным калектывам.

"Апошнія паўтара года паказчыкі дзейнасці ААТ "Мінскі камбінат сілікатных вырабаў" пагаршаюцца. Інвестыцыйная дзейнасць на прадпрыемстве практычна не вядзецца, недастатковая і работа па нарошчванні экспарту прадукцыі. Гэтым трэба цесна займацца ўсім разам: і кіраўніцтву прадпрыемства, і адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, і Мінбудархітэктуры, і Беларускай цэментнай кампаніі", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Ён лічыць надзвычайна актуальнымі для МКСВ пытанні інвестыцый, занятасці, экспарту.

Гаворачы аб інвестыцыйнай дзейнасці ў цэлым, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што інвестыцыі не будуць накіроўвацца, вобразна кажучы, у прыгожыя сцены (гэта значыць, новыя вытворчыя карпусы будуць узводзіцца мінімальна) - асноўныя інвестыцыі будуць укладвацца ў найноўшае абсталяванне, набыццё сучасных машын і механізмаў.

На думку Міхаіла Мясніковіча, колькасць адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу і інжынерна-тэхнічных работнікаў ААТ "Мінскі камбінат сілікатных вырабаў" завышана - іх удзельная вага дасягае 38 працэнтаў (прытым што многія працэсы дастаткова добра механізаваны і аўтаматызаваны). "Ва ўмовах, калі прадпрыемства мае сур'ёзныя праблемы, калі тут невысокая заработная плата, трэба зніжаць гэты артыкул расходаў. Цяпер выпрацоўка на аднаго работніка на аналагічнай вытворчасці ў Оршы ў 1,87 раза вышэйшая, а сабекошт прадукцыі там амаль у два разы ніжэйшы. Як можна пры гэтым канкурыраваць? Чаму такая вялікая розніца па сабекошце аналагічнай прадукцыі? Дзе рэгулюючая роля Мінбудархітэктуры? - задаў ён пытанні. - Неабходна зніжаць сабекошт прадукцыі ва ўвязцы з вырашэннем пытання занятасці. Гэта не значыць, што людзей трэба адпраўляць за вароты прадпрыемства - неабходна ствараць рабочыя месцы, новыя вытворчасці для забеспячэння іх эфектыўнай занятасці. Кадры, якія патрэбны гэтай вытворчасці, павінны быць захаваны, паколькі тут неабходна наладзіць вытворчасць новых будаўнічых матэрыялаў, новых канструкцый, развіваць дапаможныя вытворчасці". Ён даручыў прааналізаваць усе артыкулы расходаў і аптымізаваць іх.

Міхаіл Мясніковіч выказаў сур'ёзныя прэтэнзіі да Мінбудархітэктуры. "Калі ў акцыянерным капітале доля дзяржавы складае 88,1 працэнта, то дзяржава мае права запатрабаваць з міністэрства (галоўны акцыянер), якая эфектыўнасць гэтага акцыянернага капіталу. Збярыце пазачарговае пасяджэнне Наглядальнага савета і разгледзьце гэта пытанне. Дзяржава не можа мірыцца з такой безгаспадарчасцю", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Ён дадаў, што лічыць станоўчым рашэнне аб далучэнні ААТ "Мінскі камбінат сілікатных вырабаў" да ААТ "Беларускі цэментны завод" - гэта дасць магчымасць палепшыць фінансава-эканамічную сітуацыю МКСВ, знізіць дэбіторскую і крэдыторскую запазычанасць.

Была закранута і яшчэ адна важная тэма. Міхаіл Мясніковіч асабліва акцэнтаваў увагу на тым, што ў Мінску выкарыстоўваюцца расійскія матэрыялы пры правядзенні цеплавой рэабілітацыі дамоў. У прыватнасці, толькі ў Маскоўскім раёне ў бягучым годзе рамантуюцца фасады 13 шматпавярховых дамоў - са 100-працэнтным выкарыстаннем расійскіх уцяпляльнікаў. Прытым што прадукцыя ААТ "МКСВ" не ўступае па тэхнічных характарыстыках. "Калі айчыннае прадпрыемства ўдзельнічае ў тэндары і прайграе яго, то трэба дэталёва разабрацца ў гэтым пытанні, прааналізаваць прычыны", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Жанна Бірыч адзначыла важнасць і актуальнасць гэтага пытання, яно будзе разгледжана на пасяджэнні ў Мінгарвыканкаме. "Калі можна выкарыстоўваць, у прыватнасці ў ЖКГ, прадукцыю мінскага прадпрыемства, то гэта трэба рабіць абавязкова", - падкрэсліла яна. Ва ўмовах зніжэння аб'ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў сталіцы трэба максімальную ўвагу ўдзяляць павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі будгаліны, пераарыентацыі вытворчасці.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч паабяцаў працоўнаму калектыву ААТ "Мінскі камбінат сілікатных вырабаў", што кантроль за развіццём сітуацыі на прадпрыемстве будзе прадоўжаны да таго часу, пакуль яно не выйдзе на бясстратную работу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі