Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 мая 2016, 14:52

Мясніковіч чакае ад Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выпрацоўкі канкрэтных прапаноў

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Форум рэгіёнаў - гэта пляцоўка, дзе можна абмеркаваць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сучасных эканамічных умовах. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч у час пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З улікам тых праблем, якія перажывае сусветная эканоміка, мы павінны падтрымаць ініцыятывы, якія даюць магчымасць мінімізаваць цяжкасці ў эканамічным і сацыяльным жыцці нашых дзяржаў", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што Беларусі на форуме трэба прадэманстраваць поспехі і цікавыя праекты. "Тым больш, што мы рыхтуемся да пятага Усебеларускага народнага сходу", - дадаў ён.

Да старту трэцяга Форуму рэгіёнаў засталося няшмат часу, і ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы павінны быць праведзены на адпаведным узроўні і ва ўстаноўленыя тэрміны.

У сваю чаргу намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Русецкі канстатаваў, што праграма форуму падрыхтавана і ўзгоднена з расійскім бокам, а спісы ўдзельнікаў сфарміраваны. "Афіцыйны склад удзельнікаў - 350 чалавек, хоць удзельнічаць будзе намнога больш", - дадаў Анатоль Русецкі. Ён звярнуў увагу, што да пачатку афіцыйнай часткі мерапрыемства ў прадстаўнікоў Беларусі і Расіі будзе час на перагаворы і падпісанне кантрактаў.

Трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Мінску 7-8 чэрвеня. Мэта мерапрыемства - пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі дзяржаў у сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.

У час форуму таксама запланавана пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Адбудуцца спецыялізаваныя мерапрыемствы, у тым ліку фестываль рэгіянальных тэлеканалаў Беларусі і Расіі "Вобраз часу", другі этап Спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, маладзёжны форум IT-youth і міжнародная выстаўка "Белагра-2016". На ёй плануецца падпісаць дзевяць розных пагадненняў паміж прадстаўнікамі Беларусі і Расіі. Дэлегаты форуму прымуць удзел у мерапрыемствах Дзён Масквы ў Мінску, якія пройдуць 7-9 чэрвеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі