Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 сакавіка 2017, 17:34

Мінсельгасхарч вынес на грамадскае абмеркаванне праект закона аб арганічным земляробстве

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання вынесла на грамадскае абмеркаванне праект закона аб арганічным земляробстве, паведамляе БЕЛТА.

Дакументам вызначана паняцце арганічнай вытворчасці, а таксама агульныя патрабаванні да вытворчасці і абарачэння арганічнай прадукцыі. Так, пры ажыццяўленні арганічнай вытворчасці плануецца забараніць выкарыстанне хімічна сінтэзаваных рэчываў (за выключэннем неабходнасці лячэння жывёл), а таксама выкарыстанне кармавых дабавак, ветэрынарных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін, угнаенняў, іншых сродкаў паляпшэння ўласцівасцей глебы, насення раслін рэчываў і кампанентаў, атрыманых метадамі генетычнай інжынерыі, у тым ліку з генна-iнжынерных арганiзмаў або з іх выкарыстаннем. Таксама будзе забаронена гідрапонная культывацыя раслін і прымяненне іанізуючага выпрамянення.

Акрамя таго, вытворцы абавязаны будуць абмяжоўваць выкарыстанне сыравінных і іншых рэсурсаў (глеба, угнаенні і мікраэлементы, корм і кармавыя дабаўкі, падсцілка для жывёл), атрыманых у выніку традыцыйнай (неарганічнай) вытворчасці. Таксама яны павінны будуць прымяняць толькі тыя мінеральныя ўгнаенні, што ўнесены ў Дзяржаўны рэестр сродкаў аховы раслін (пестыцыдаў) і ўгнаенняў і дазволены да прымянення на тэрыторыі Беларусі.

Паралельная вытворчасць арганічнай прадукцыі і прадукцыі традыцыйнай вытворчасці дапушчальна пры ўмове забеспячэння падзелу працэсаў, недапушчэння іх кантакту, змешвання пры вытворчасці і абарачэнні.

Сертыфікацыя ў сферы вытворчасці і абарачэння арганічнай прадукцыі будзе добраахвотнай. Аб'ектамі добраахвотнай сертыфікацыі стануць арганічная прадукцыя, а таксама працэсы вытворчасці, абарачэння арганічнай прадукцыі, адносна якіх тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі ў галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі ўстаноўлены тэхнічныя патрабаванні.

З моманту падачы ва ўстаноўленым парадку заяўкі на добраахвотную сертыфікацыю і да моманту атрымання сертыфіката адпаведнасці лічыцца, што вытворца знаходзіцца ў пераходным перыядзе і абавязаны выконваць спосабы, метады, тэхналогіі вядзення арганічнай вытворчасці. Пры гэтым ён не мае права маркіраваць прадукцыю сваёй вытворчасці як арганічную. Працягласць пераходнага перыяду вызначаецца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі адносна канкрэтных відаў прадукцыі або сфер дзейнасці.

Як паведамлялася, унесці ў парламент праект закона аб арганічным земляробстве ў Беларусі плануецца восенню 2017 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі