Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 лютага 2018, 11:48

Мінфін разлічвае на прыцягненне на міжнародных рынках капіталу $1 млрд штогод

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі разлічвае на прыцягненне на міжнародных рынках капіталу $1 млрд штогод. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у часопісе "Финансы, учет, аудит", паведамляе БЕЛТА.

Першы намеснік міністра фінансаў адзначыў, што рэалізуемай праграмай пазык на бліжэйшую трохгадовую перспектыву прадугледжана як пагашэнне дзярждоўгу, так і яго рэфінансаванне. "Даўгі на суму каля $1 млрд у год давядзецца рэфінансаваць. Добра, што мэтанакіраваныя намаганні па выбудоўванні адносін і атрыманні доступу на рынкі міжнародных пазык прывялі да станоўчых вынікаў. Беларусь мае гарантаваны выхад на рынкі Еўропы, ЗША і Расіі. Хутка гэты спіс дапоўніцца Кітаем. Дыверсіфікацыя магчымасцей прыцягнення знешняга фінансавання праз выбудаваную інфраструктуру міжнароднага рынку капіталу дае падставы спадзявацца на прыцягненне $1 млрд штогод. Такім чынам, грошай для своечасовых разлікаў з партнёрамі ў сярэднетэрміновай перспектыве ў Беларусі хопіць", - падкрэсліў Максім Ермаловіч. Ён заявіў, што па меры агульнага зніжэння доўгу, паляпшэння партфеля абавязацельстваў знізіцца і адпаведная нагрузка на дзяржбюджэт.

Паводле слоў першага намесніка міністра, для вырашэння задачы па пагашэнні дзярждоўгу ў сярэднетэрміновай перспектыве плануецца забяспечыць дасягненне штогадовага прафіцыту бюджэту ў аб'ёме ад $400 млн да $700 млн. "Усе сэканомленыя грошы на працягу трох гадоў будуць накіраваны на пагашэнне дзярждоўгу. Акрамя таго, на гэтыя мэты будуць задзейнічаны і валютныя астаткі сродкаў рэспубліканскага бюджэту, накопленыя за мінулыя гады", - расказаў ён.

У 2018 годзе выплаты Беларусі па даўгавых абавязацельствах павінны скласці каля $3,8 млрд. Максім Ермаловіч нагадаў, што ў бюджэтнай палітыцы краіны робіцца вельмі многае, каб узровень дзярждоўгу не перасягаў 45 працэнтаў ад ВУП. "Яшчэ адзін напрамак нашай работы звязаны з паляпшэннем якасці даўгавога партфеля. Тут намаганні канцэнтруюцца на пошуку новых інструментаў пазык, павышэнні даступнасці рэсурсаў, паскарэнні выхаду з дзяржаўнымі аблігацыямі на фондавыя рынкі", - растлумачыў ён.

У 2017 годзе Мінфін рэалізаваў амбіцыйную праграму пазык (у тым ліку $1,4 млрд атрымана ад размяшчэння еўрааблігацый). "Па яе выніку дзярждоўг у цэлым вырас на $3 млрд, што дало магчымасць стварыць задзел для безумоўнага выканання абавязацельстваў у 2018 годзе. На канец мінулага года ЗВР Беларусі склаў $7,3 млрд. Гэты аб'ём рэсурсаў Мінфін мае права выкарыстоўваць для любых плацяжоў, звязаных з выкананнем абавязацельстваў перад знешнімі крэдыторамі", - рэзюмаваў першы намеснік міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі