Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 верасня 2016, 17:51

Мінфін падрыхтаваў прапановы па лібералізацыі рынку страхавання

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі падрыхтавала шэраг новых прапаноў па паляпшэнні бізнес-асяроддзя і разняволенні дзелавой ініцыятывы ўдзельнікаў рынку страхавання. Аб гэтым паведаміў кіраўнік ведамства Уладзімір Амарын у інтэрв'ю, апублікаваным у вераснёўскім нумары часопіса "Финансы. Учет. Аудит", паведамляе БЕЛТА.

"У прыватнасці, прапануецца адмяніць адміністрацыйныя бар'еры, а менавіта перайсці ад пагаджальнай да паведамляльнай працэдуры прадстаўлення правіл страхавання, адмяніць абавязак страхавых арганізацый размяшчаць і ўлічваць сродкі страхавых рэзерваў на спецыяльных рахунках, адмовіцца ад нарматыву расходаў на вядзенне справы", - расказаў Уладзімір Амарын.

Паводле яго слоў, для актывізацыі і развіцця страхавання жыцця, росту яго інвестыцыйнай прывабнасці мэтазгодна зняць пэўныя абмежаванні. "Па-першае, адмяніць умову па аднясенні на затраты страхавых узносаў па дагаворах добраахвотнага страхавання жыцця і дадатковай пенсіі толькі ў выпадку іх заключэння з дзяржаўнай страхавой арганізацыяй, - адзначыў міністр. - Гэта прадаставіць арганізацыям-страхавальнікам магчымасць больш шырокага выбару прымальных для іх умоў страхавання". Таксама неабходна зняць забарону на заключэнне дзяржорганамі і юрыдычнымі асобамі, кантрольным пакетам акцый якіх валодае дзяржава, дагавораў страхавання жыцця і дадатковай пенсіі з недзяржаўнымі страхавымі арганізацыямі.

Зыходзячы з прынцыпу найбольш поўнага задаволення патрэбнасцей страхавальнікаў, страхоўшчыкам жыцця можна прадаставіць права ажыццяўляць увесь комплекс відаў страхавання, накіраваных на ахову жыцця і здароўя, лічыць Уладзімір Амарын. "Гэта значыць разам з традыцыйным накапляльным страхаваннем жыцця і дадатковай пенсіі заключаць дагаворы добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў, страхавання медыцынскіх расходаў", - растлумачыў ён.

У цэлым Міністэрства фінансаў ставіць перад сабой задачу па стварэнні канкурэнтаздольнага і надзейнага страхавога рынку, які мае дастатковы ўзровень капіталізацыі і фінансавай устойлівасці, здольны канкурыраваць ва ўмовах адкрытага фінансавага рынку.

У бягучым годзе ўказам нумар 272 страхавое заканадаўства дапоўнена палажэннямі, накіраванымі на павышэнне стабільнасці функцыянавання страхавога рынку, нагадаў міністр. У прыватнасці, уведзены абавязак страхавых арганізацый арганізаваць сістэму ўнутранага кантролю, распрацоўваць бізнес-планы на тры гады і штогод прадстаўляць справаздачы аб іх выкананні. Для павышэння ўзроўню абароны страхавальнікаў устаноўлены гранічны тэрмін (12 месяцаў) для завяршэння працэдур і прыняцця рашэння аб ліквідацыі страхавой арганізацыі, калі спыняецца дзеянне ліцэнзіі на ажыццяўленне страхавой дзейнасці. Таксама пашыраны паўнамоцтвы Мінфіна па наглядзе і кантролі за страхавой дзейнасцю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі