Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 чэрвеня 2019, 17:46

Мінфін: 70 працэнтаў бюджэту Еўрапейскіх гульняў накіравана на развіццё інфраструктуры Беларусі

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На развіццё інфраструктуры Беларусі накіравана 70 працэнтаў бюджэту Еўрапейскіх гульняў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на каментарый Міністэрства фінансаў.

Бюджэт II Еўрапейскіх гульняў складаецца з двух кампанентаў: арганізацыйнага і інвестыцыйнага. "Інвестыцыйны кампанент - найбольш значны ў структуры расходаў. Пад эгідай II Еўрапейскіх гульняў дадатковыя інвестыцыі ў развіццё інфраструктуры Беларусі на гэты час склалі Br380 млн (70 працэнтаў у агульным аб'ёме фінансавання)", - паведамілі ў Мінфіне.

За кошт бюджэтных сродкаў правялі мадэрнізацыю, рамонт і аснашчэнне 12 буйнейшых спартыўных аб'ектаў (у тым ліку Рэспубліканскага цэнтра па вяслярных відах спорту, Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе, стадыёна "Дынама", комплексаў "Мінск-Арэна", Palova Arena, "Чыжоўка-Арэна", Палаца спорту і іншых), а таксама спартыўных збудаванняў і інтэрнатаў Студэнцкай вёскі.

"Набыта сучаснае спартыўнае, медыцынскае і тэлевізійнае абсталяванне для іншых аб'ектаў бюджэтнай сферы, а таксама транспартныя сродкі, якія пасля завяршэння мерапрыемства будуць перададзены ў распараджэнне арганізацый бюджэтнага сектара, значна ўмацаваўшы іх матэрыяльна-тэхнічную базу", - падкрэслілі ў міністэрстве.

З прыцягненнем крэдытных рэсурсаў Банка развіцця пабудаваны будынак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спартыўнай медыцыны, шматпрофільная спартыўная зала па гульнявых відах спорту, інтэрнат Студэнцкай вёскі. Фінансаванне банка дапамагло рэканструяваць спартыўна-стралковы комплекс ім.Цімашэнкі і алімпійскі спартыўны комплекс "Стайкі". Куплены чатыры перасовачныя тэлевізійныя станцыі фармату HD.

Урад прыняў меры па максімальным прыцягненні беларускіх пастаўшчыкоў тавараў, работ і паслуг да падрыхтоўкі і правядзення гульняў.

Арганізацыйны кампанент прадугледжвае пражыванне і харчаванне акрэдытаваных асоб, медыцынскае і транспартнае забеспячэнне; стварэнне ІТ-платформы кіравання гульнямі (фіксацыя часу, ацэнак і вынікаў, работа сітуацыйнага цэнтра і сэрвісу тэхналогій месцаў правядзення); тэлетрансляцыю, радыёвяшчанне і інфармацыйна-рэкламнае забеспячэнне; арганізацыю работы валанцёраў, правядзенне афіцыйных цырымоній адкрыцця і закрыцця гульняў, а таксама функцыянаванне фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года".

Зыходзячы з прынятых беларускім бокам абавязацельстваў на падрыхтоўку і правядзенне Еўрапейскіх гульняў за 2017-2019 гады накіравана амаль Br540 млн. Палова расходаў аплачана за кошт бюджэту (Br266 млн), каля 40 працэнтаў - пакрыта крэдытамі Банка развіцця (Br208 млн), астатняе аплачана з пазабюджэтных крыніц (спонсарская дапамога, рэалізацыя білетаў).

Што датычыцца пазабюджэтных крыніц фінансавання, то гэта бязвыплатная спонсарская дапамога, даходы ад рэалізацыі білетаў, сувенірнай і ліцэнзійнай прадукцыі. Акрамя таго, прадугледжваюцца паступленні сродкаў ад продажу Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі правоў на тэлетрансляцыю і рэалізацыю міжнароднай маркетынгавай праграмы.

Заканадаўствам прадугледжаны механізм залічэння звышпланавых паступленняў з пазабюджэтных крыніц у даходы бюджэту для кампенсацыі панесеных расходаў.

"Канчатковая ацэнка даходаў і расходаў, звязаных з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, будзе зроблена пасля завяршэння мерапрыемства", - дадалі ў Мінфіне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі