Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 студзеня 2018, 11:37

Мінэканомікі прагназуе ў 2018 годзе рост рабочых месц у сектары малога і сярэдняга бізнесу

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства эканомікі прагназуе ў 2018 годзе рост рабочых месц у сектары малога і сярэдняга бізнесу, заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў інтэрв'ю газеце "Рэспубліка", паведамляе БЕЛТА.

"У 2018 годзе будзе зменена тэндэнцыя мінулых гадоў, калі колькасць занятых у эканоміцы скарачалася. Паводле прагнозаў урада, яна павялічыцца, а ў дзяржсектары прадоўжыцца працэс стварэння новых рабочых месц. І ў выніку прымаемых мер па стымуляванні дзелавой актыўнасці будзе ажыўленне ў іншых сектарах. Сёння ў нас у краіне можна працаваць па найму, можна займацца бізнесам, а можна проста працаваць на сябе, не з'яўляючыся прадпрымальнікам, працуючы сваімі рукамі, інакш кажучы быць самазанятым. Дарэчы, Міністэрства па падатках і зборах за два месяцы дзеяння ўказа па самазанятых грамадзянах канстатуе: іх колькасць вырасла значна. А мы чакаем росту рабочых месц і ў сектары малога і сярэдняга бізнесу", - падкрэсліў ён. Гэта адбудзецца ў тым ліку дзякуючы рэалізацыі пакета мер па паляпшэнні дзелавога клімату.

У канцы мінулага года ў Беларусі быў прыняты дэкрэт нумар 8. "Калі кажуць, што дэкрэт створаны толькі для айцішнікаў, гэта цалкам памылковы погляд на тэму. З прыняццем дэкрэта ў нас створаны спрыяльныя ўмовы для пранікнення інфармацыйных тэхналогій у прамысловасць, сельскую гаспадарку і сацыяльную сферу і стварэння на іх аснове новых бізнес-мадэлей. Што датычыцца хуткага эфекту, я думаю, што спектр інавацыйных і высокатэхналагічных стартапаў, рэалізуемых у краіне, у бліжэйшыя гады істотна ўзрасце. Прычым абсалютная большасць іх арыентавана на вядзенне бізнесу на знешніх рынках. Гэта пасадзейнічае ўмацаванню пазіцый Беларусі ў сістэме міжнароднага падзелу працы, прычым у найбольш прывабных нішах", - канстатаваў міністр.

Акрамя таго, паводле слоў Уладзіміра Зіноўскага, рэалізацыя дэкрэта нумар 8 і развіццё ў сувязі з гэтым стартап-руху ствараюць сацыяльныя ліфты для таленавітай моладзі. "Ім не трэба будзе "шукаць шчасце" ў іншых краінах, іх інтэлект і прадпрымальнасць будуць працаваць на карысць Беларусі. Гэта значны сацыяльны аспект", - заявіў ён.

Міністр пракаменціраваў і тэму крыптавалют. "Я думаю, што ў бліжэйшы час у Беларусі, як і ў іншых краінах, крыптавалюты не змогуць паўнацэнна замяніць нацыянальныя валюты, паколькі яны па сваім азначэнні не выконваюць усіх функцый грошай. Па сваёй сутнасці гэта, хутчэй, тавар або актыў, а не ўніверсальны сродак абмену для правядзення здзелак. Таму тым, хто разглядае крыптавалюты як інвестыцыю, трэба помніць: аперацыі з імі маюць рызыкоўны характар, існуе верагоднасць сур'ёзных страт", - адзначыў Уладзімір Зіноўскі.

Для эканомікі Беларусі найбольшую цікавасць уяўляе тэхналогія, на якой крыптавалюты заснаваны, - гэта тэхналогія блокчэйн. "Яна дае магчымасць рэалізоўваць такія праекты, як смарт-кантракты, дэцэнтралізаваныя арганізацыі, праграмуемыя актывы. Я думаю, што гэта тэхналогія мае вялізны патэнцыял, дасць магчымасць сур'ёзна аптымізаваць выдаткі карпаратыўнага і дзяржаўнага кіравання і акажа пазітыўны ўплыў на развіццё лічбавай эканомікі ў краіне", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі