Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 чэрвеня 2016, 09:01

Мінэканомікі і Міністэрства аховы здароўя растлумачылі прымяненне новага парадку фарміравання цэн на медтавары

27 чэрвеня, Мінск /Святлана Васілеўская - БЕЛТА/. Міністэрства эканомікі і Міністэрства аховы здароўя Беларусі растлумачылі парадак прымянення ўказа нумар 228 ад 21 чэрвеня 2016 года, які датычыцца новай схемы фарміравання цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку. Адпаведнае пісьмо размешчана на сайце медыцынскага ведамства, паведамляе БЕЛТА.

Указам нумар 228 уносяцца змяненні ва ўказ ад 11 жніўня 2005 года нумар 366 "Аб фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку".

Як паведамляецца ў пісьме, парадак фарміравання цэн на медыцынскія тавары, устаноўлены ўказам ад 11 жніўня 2005 года нумар 366 з улікам змяненняў і дапаўненняў, прымяняецца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць аптовы і рознічны гандаль на тэрыторыі Беларусі.

Астаткі медыцынскіх тавараў, атрыманыя да 1 ліпеня 2016 года юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, рэалізуюцца па цэнах, сфарміраваных па раней дзеючым парадку.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль на тэрыторыі Беларусі, абавязаны правесці інвентарызацыю астаткаў медыцынскіх тавараў па стане на 1 ліпеня 2016 года ў адпаведнасці з Інструкцыяй па інвентарызацыі актываў і абавязацельстваў, зацверджанай Міністэрствам фінансаў ад 30 лістапада 2007 года нумар 180. Звесткі аб астатках, што змешчаны ў інвентарызацыйным вопісе, з'яўляюцца падставай для рэалізацыі медыцынскіх тавараў па цэнах, сфарміраваных у адпаведнасці з парадкам, дзеючым да ўступлення ў сілу ўказа нумар 228.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць аптовы гандаль медыцынскімі таварамі, абавязаны з 1 ліпеня 2016 года адпускаць медыцынскія тавары па цэнах, сфарміраваных з улікам указа нумар 228.

Міністэрства аховы здароўя асаблівую ўвагу звяртае на недапушчэнне росту цэн на медыцынскія тавары. Таксама адзначаецца, што неабходна забяспечыць работу аптэчнай сеткі ў штатным рэжыме і прымяненне скідак, зніжэнне ўзроўню аптовых і рознічных надбавак на медыцынскія тавары.

Указам нумар 228, у прыватнасці, прадугледжваецца прывязка дзеючай рэгрэсіўнай шкалы гранічных аптовых і гандлёвых надбавак, што прымяняюцца пры фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, медыцынскія вырабы і медыцынскую тэхніку, да базавай велічыні замест долара ЗША.

Прадугледжваецца таксама дыферэнцыраванае змяншэнне гранічных памераў аптовых і гандлёвых надбавак, што прымяняюцца пры фарміраванні цэн на медыцынскія тавары, па меры росту адпускных цэн беларускіх вытворцаў (разліковых адпускных цэн імпарцёраў) на гэту прадукцыю. Прадастаўляецца магчымасць рэалізацыі медыцынскіх тавараў ніжэй за адпускную (разліковую адпускную) цану.

Гэтыя меры дадуць магчымасць знізіць кошт лекавых сродкаў (у сярэднім на 2,1 працэнта - ад Br2 тыс. да Br40 тыс. за адзінку тавару) і тым самым павысіць іх цэнавую даступнасць для насельніцтва, павялічыць аб'ём рэалізацыі айчынных медыцынскіх тавараў, захаваўшы пры гэтым бясстратную работу гандлёвай сеткі.

Акрамя таго, гэта дасць магчымасць выключыць неабгрунтаванае павелічэнне даходаў аптэчнай сеткі пры росце курсаў замежных валют на рынку і скараціць расходы бюджэтных сродкаў пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі