Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 снежня 2017, 19:07

Мінэканомікі фарміруе заканадаўчую базу для стварэння гарантыйных фондаў

26 снежня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Міністэрства эканомікі працуе над фарміраваннем заканадаўчай базы для стварэння гарантыйных фондаў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч па выніках прэс-туру ў Віцебскую вобласць, арганізаванага Мінэканомікі і Нацыянальным прэс-цэнтрам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы працуем над пытаннем стварэння гарантыйных фондаў - дзяржаўных або прыватных. Яны павінны дапамагаць прыцягваць крэдыты невялікім прадпрыемствам, у якіх няма залогавага забеспячэння. Цяпер распрацоўваем заканадаўчую базу, вызначаемся з крыніцамі фінансавання", - адзначыў Дзмітрый Матусевіч.

Таксама ён расказаў аб некаторых фінансавых праграмах, якія дзейнічаюць або плануюцца да рэалізацыі для падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. "Такую работу праводзіць Беларускі цэнтр падтрымкі прадпрымальнікаў. На сённяшні дзень размова ідзе аб максімальна льготных умовах - 7 працэнтаў гадавых. Таксама Міністэрства эканомікі правяло работу, урад адобрыў пазыку Сусветнага банка з працэнтнымі стаўкамі для бізнесу 5-7 працэнтаў. Доступ да фінансавання дае магчымасць малому і сярэдняму бізнесу нарасціць абароты", - паведаміў намеснік міністра.

Адносна сённяшняга мерапрыемства Дзмітрый Матусевіч расказаў, што яно праходзіць у рамках кампаніі па шырокім інфармаванні дзяржорганаў, дзелавых колаў і грамадскасці аб прынятым пакеце дакументаў, накіраваных на лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу. "Мы выконваем даручэнне: у кожнай вобласці правядзём прэс-туры, у рамках якіх пакажам дасягненні, якія ўжо ёсць у сферы падтрымкі прадпрымальніцтва, і раскажам аб прынятых дакументах і рабоце, якая яшчэ наперадзе, каб людзі разумелі, што дзяржава істотна змяніла падтрымку ў гэтай сферы. Аднак і да гэтага былі добрыя вынікі. Прыклад таго - інкубатар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Віцебску, які мы наведалі", - расказаў намеснік міністра.

На 1 кастрычніка 2017 года ў Беларусі дзейнічае сетка суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якая складаецца з 93 цэнтраў і 24 інкубатараў. Рэалізуюцца праграмы фінансавай падтрымкі МСП. Трэць ад усіх крэдытаў, выдадзеных у студзені-верасні 2017 года суб'ектам гаспадарання, прадастаўлена малому і сярэдняму бізнесу.

ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" у студзені-верасні прафінансавала 515 інвестыцыйных праектаў (у тым ліку 137 праектаў у рамках прадукту "Падтрымка рэгіёнаў і жаночага прадпрымальніцтва", 100 праектаў у рамках прадукту "Падтрымка прадпрыемстваў-экспарцёраў", 75 стартап-кампаній).

Агульны аб'ём фінансавай падтрымкі, аказанай Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, склаў Br734,9 тыс.

Са сродкаў мясцовых бюджэтаў дзяржаўная фінансавая падтрымка аказана ў памеры Br2,78 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі