Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 верасня 2017, 15:35

Менш праверак і штрафы для "кантралёраў" - Анфімаў расказаў, як зменіцца кантроль у бізнес-сферы

22 верасня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў падрабязна расказаў журналістам аб праекце ўказа "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты праект указа разглядаўся на пашыранай нарадзе ў Прэзідэнта ў жніўні разам з іншымі дакументамі аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. Тады кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць усе нарматыўныя прававыя акты, пасля чаго падрабязна далажыць яму аб кожным з іх.

Прымаючы з дакладам Леаніда Анфімава, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пытанні кантрольнай дзейнасці больш за ўсё хвалююць бізнесменаў. "Гэта зразумела: у нас хочуць адказваць мінімальна, а свабоды больш. Таму нам ні ў якім выпадку нельга весціся на гэтыя хітрыкі, мы сапраўды павінны зняць усё лішняе, што перашкаджае рабоце людзей, прадпрыемстваў, але кантроль павінен заставацца - патрэбны кантроль для дзяржавы, які сапраўды "разнявольваў" бы людзей і не перашкаджаў ім працаваць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Старшыня КДК пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы расказаў журналістам аб галоўных падыходах і навацыях разгледжанага праекта ўказа.

Паводле яго слоў, дакумент накіраваны на ўдасканаленне кантрольнай дзейнасці, лібералізацыю ўмоў вядзення бізнесу і адыход ад пільнага кантролю. "Асноўныя прынцыповыя і канцэптуальныя падыходы адобраны поўнасцю, невялікія заўвагі, якія былі выказаны Саветам Міністраў, будуць у бліжэйшы час улічаны, і праект указа будзе ўнесены на подпіс Прэзідэнту", - адзначыў Леанід Анфімаў.

Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае адмену ведамаснага кантролю і адыход ад сістэмы планавых праверак, у рамках якой наведаць суб'ект гаспадарання можна было нават пры адсутнасці парушэнняў з яго боку і без іншых важкіх прычын. Замест гэтага прапануецца ажыццяўляць выбарачныя праверкі, правядзенне якіх адносна прадпрыемства магчыма толькі пры наяўнасці комплексу падстаў (напрыклад, пры выяўленні неаднаразовых парушэнняў).

Пры гэтым характар праверак пяройдзе з карнага на прафілактычны. Часцей стануць праводзіць мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага) характару. У выпадку ўстаранення прадпрыемствам выяўленых парушэнняў ва ўстаноўлены тэрмін меры адказнасці прымяняцца не будуць.

Акрамя таго, кантрольныя органы больш не змогуць праводзіць праверкі па матэрыялах, якія знаходзяцца ў вядзенні праваахоўных органаў, да ўзбуджэння крымінальнай справы.

"Уводзіцца адказнасць "кантралёраў" за неабгрунтаваныя прад'яўленні патрабаванняў да суб'екта гаспадарання або правядзенне праверак у парушэнне патрабаванняў заканадаўства, - звярнуў увагу субяседнік. - Накладаць адказнасць будзе і пракуратура, і Камітэт дзяржкантролю".

Праект указа таксама прапануе скараціць пералік кантралюючых (наглядных) органаў і сфер іх дзейнасці. Паўнамоцтвы на правядзенне праверак будуць захаваны ў 28 з 39 ведамстваў, надзеленых сёння гэтым правам, а колькасць сфер кантрольнай дзейнасці знізіцца са 178 да 106.

Адно з самых важных новаўвядзенняў - пазбаўленне "кантралёраў" магчымасці прыпыняць дзейнасць прадпрыемстваў. Рашэнне, спыняць работу кампаніі ці не, будзе прымаць выключна яе кіраўнік на падставе рэкамендацый правяраючых, аднак за свае дзеянні ён будзе несці ўсю адказнасць.

Распрацоўшчыкі падкрэсліваюць, што рэалізацыя гэтых і іншых палажэнняў праекта ўказа дасць магчымасць выбудаваць больш рацыянальную сістэму дзяржаўнага кіравання, павысіць празрыстасць дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў, выключыць залішняе, не абгрунтаванае аб'ектыўнымі прычынамі абцяжарванне суб'ектаў гаспадарання праверачнымі мерапрыемствамі.

Плануецца, што дакумент будзе падпісаны да 1 кастрычніка і ўступіць у сілу з пачатку 2018 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі