Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 красавіка 2018, 17:08

МАЗ выпусціў першы серыйны грузавік класа Еўра-6

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтазавод адзін з першых у СНД пачаў серыйную вытворчасць грузавікоў экалагічнага класа Еўра-6, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.

Першы час новыя седлавыя цягачы будуць выпускацца абмежаванымі партыямі. У далейшым на заводзе асвояць паўнацэнны серыйны выпуск грузавікоў класа Еўра-6. Магчымасці канвеера даюць такую магчымасць, аднак шмат будзе залежаць ад узроўню попыту ў краіне і за мяжой. Партфель заказаў на бліжэйшыя месяцы ўжо сфарміраваны.

Прататып грузавіка МАЗ-5440M9 упершыню прадставілі 8 жніўня 2014 года на 70-годдзе завода. Пасля гэтага машына праходзіла выпрабаванні на палігонах Чэхіі, Германіі, Венгрыі, Расіі і Беларусі, удзельнічала ў выставачных мерапрыемствах, пакуль прадстаўнікі завода збіралі меркаванні і вывучалі густы патэнцыяльных спажыўцоў. Пасля гэтага канструкцыю грузавіка дапрацавалі, а кабіну абнавілі з улікам сусветных тэндэнцый эрганомікі.

Седлавы цягач з колавай формулай 4x2 можа везці аўтапоезд агульнай масай да 44 т. Сам аўтамабіль важыць 8,25 т. МАЗ-5440M9 аснашчаны 475-сілавым рухавіком Mercedes-Benz экалагічнага класа Еўра-6, які працуе ў пары з рабатызаванай каробкай перадач таго ж вытворцы. Два паліўныя бакі з алюмінію змяшчаюць сумарна 1100 л паліва.

Грузавік атрымаў цалкам абноўлены інтэр'ер. У параўнанні з прататыпам кабіна вызначаецца павышанай шумаізаляцыяй і аснашчана новай панэллю прыбораў, паліцамі і двума багажнымі адсекамі па 200 л кожны. Унутры ўстанавілі халадзільнік і два павялічаныя спальныя месцы. У базавы камплект уваходзяць мультыплексная сістэма кіравання з электронным шчытком прыбораў і ўбудаваным бартавым камп'ютарам, клімат-кантроль, круіз-кантроль і мультымедыйная сістэма. За акустыку адказваюць чатыры дынамікі. Месцы для вадзіцеля і пасажыра сталі больш прасторнымі, а кіраваць аўтамабілем прапануецца ў сядзеннях еўрапейскай кампаніі ISRI.

Аўтамабіль таксама мае электронную тармазную сістэму, сістэму курсавой устойлівасці. Пасля завяршэння прабегавых выпрабаванняў аўтамабілі будуць серыйна камплектаваць GPS-навігатарам, сістэмамі кантролю паласы руху і экстраннага тармажэння пры выяўленні перашкод.

Запуск серыйнай вытворчасці на МАЗе называюць знакавай падзеяй. "Прадпрыемства выходзіць на новы этап свайго тэхналагічнага развіцця, што сведчыць аб высокіх магчымасцях беларускай вытворчасці. Акрамя таго, гэта адкрывае для нас шырокія перспектывы: аўтатэхніка МАЗ стане больш канкурэнтаздольнай на еўрапейскім рынку, яе будуць часцей выкарыстоўваць для грузаперавозак у краіны Еўрасаюза", - падкрэсліў намеснік камерцыйнага дырэктара ААТ "МАЗ" Сяргей Захарэвіч.

Першы грузавік класа Еўра-6 набыў аўтобусны парк у Баранавічах.

Пры куплі МАЗаў дзейнічае праграма лізінгу. Грузавікі можна набыць праз ААТ "Прамагралізінг" з мінімальнай перадаплатай па стаўцы 9,5 працэнта гадавых у беларускіх рублях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі