27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рыначныя ваганні валютнага курса не выклікалі ажыятажнага попыту на валюту. Аб гэтым заявіў сёння першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі на сумесным пасяджэнні дзвюх палат беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рыначныя ваганні валютнага курса, тым не менш, не выклікалі ажыятажнага попыту на валюту і не абвастрылі сітуацыю на валютным рынку. За чатыры месяцы чысты продаж валюты насельніцтвам склаў $347 млн у эквіваленце, у тым ліку ў красавіку - $199 млн. Патрэбнасці суб'ектаў гаспадарання задаволены ў поўным аб'ёме ($46 млн), а пачынаючы з лютага яны таксама сталі чыстымі прадаўцамі валюты. У красавіку на чыстай аснове юрыдычнымі асобамі прададзена амаль $116 млн у эквіваленце", - праінфармаваў Васіль Мацюшэўскі.
Паводле яго слоў, удалося таксама адарваць інфляцыю ад дэвальвацыі. "Пры дэвальвацыі карзіны валют больш як 10 працэнтаў за чатыры месяцы ўзровень інфляцыі знаходзіцца практычна ў рамках прагнозу (6,4 працэнта)", - канстатаваў першы віцэ-прэм'ер.
Ён таксама звярнуў увагу, што меры макрабалансіроўкі, таксама як і выкананне знешніх абавязацельстваў, не маглі не паўплываць на тэмпы развіцця эканомікі, перш за ўсё на яе рэальны сектар. "Па росце эканомікі ідзём у рамках песімістычнага прагнозу, а гэта ўплывае, на жаль, і на даходы насельніцтва, і на магчымасці бюджэту пашыраць падтрымку розных галін і сфер эканомікі", - расказаў Васіль Мацюшэўскі.
"Простых рашэнняў, якія даюць імгненны рост эканомікі, сёння няма. Ідзе звычайная карпатлівая работа па вырашэнні праблемных пытанняў", - дадаў ён.-0-