Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

МАРГ выступае супраць манапалізацыі рынку рознічнага гандлю

Эканоміка 13.06.2018 | 14:38

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выступае супраць манапалізацыі рынку рознічнага гандлю. Аб гэтым заявіў сёння міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага (экспертнага) савета пры МАРГ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На ГКС разглядалася прапанова ТАА "Еўрагандаль" аб унясенні змяненняў у закон аб гандлі ў частцы інфраструктурнага абмежавання развіцця гандлёвых сетак пры дасягненні долі 20 працэнтаў у аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў. Гандлёвая сетка прапануе павялічыць гэту долю да 35 працэнтаў або наогул выключыць такую норму.

"Мы цяпер разважаем, што адбудзецца, калі мы згаджаемся з павелічэннем долі інфраструктурнага абмежавання ў 20 працэнтаў або адменай гэтай нормы. Мы за развіццё гандлёвых сетак і інфраструктуры, але супраць манапалізацыі. У нас лічбы па долях гандлёвых сетак з'яўляюцца закрытымі, але магу сказаць, што адзіная сетка, якая наблізілася да парога 20 працэнтаў, - гэта "Еўрагандаль". Далей ідзе сетка "Карона", якая мае ў 8 разоў меншую долю. З гэтага можна зрабіць выснову, што наўрад ці сёння змяненне гэтай нормы будзе садзейнічаць павелічэнню долей іншых сетак і павелічэнню канкурэнцыі на рынку", - падкрэсліў міністр.

Уладзімір Калтовіч звярнуў увагу, што беларускія вытворцы заяўляюць аб праблемах з трапляннем па паліцы сеткавых магазінаў. "Ад вытворцаў патрабуюць глыбокіх скідак па топ-пазіцыях, а гэтыя скідкі потым не трансліруюцца на пакупніка. Акрамя таго, гучаць скаргі на высокія гандлёвыя надбаўкі. Гэта значыць назіраецца ўзмацненне дыскрымінацыі пастаўшчыкоў", - дадаў ён. Гэта пацвердзілі на пасяджэнні і прадстаўнікі канцэрна "Белдзяржхарчпрам".

Як адзначыў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч, "Еўрагандаль" - адзіная гандлёвая сетка, хто выказаў прапанову аб змяненні долі. "Ні бізнес-супольнасці, ні Савет па развіцці прадпрымальніцтва такіх прапаноў на стадыі падрыхтоўкі і ўзгаднення праекта змяненняў у закон аб гандлі не ўносілі. Праект прайшоў узгадненне і цяпер знаходзіцца на апошняй стадыі разгляду", - сказаў ён.

На думку МАРГ, у выпадку, калі суб'ект займае долю звыш 20 працэнтаў, прысутнічаюць рызыкі павелічэння цэн. "Акрамя таго, існуюць рызыкі па парушэнні правоў спажыўцоў, калі гандлёвая сетка спыніць сваю дзейнасць. Міністэрства выступае за баланс інтарэсаў: з аднаго боку - гэта развіццё рознічнага гандлю, з іншага - мы стаім на абароне правоў спажыўцоў, і гэта тэма ўсё ж такі пераважае. Здароўе і бяспека грамадзян павінны быць на першым месцы", - падкрэсліў ён.

Артур Карповіч звярнуў увагу, што, згодна з указам нумар 345, на 37 працэнтах тэрыторыі Беларусі не прымяняецца абмежаванне ў 20 працэнтаў. "У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкамаў пад гэты ўказ трапілі звыш 15 тыс. сельскіх населеных пунктаў. Калі паглядзець, у якія сельскія населеныя пункты зайшла названая гандлёвая сетка, - гэта ўсяго 34 пункты. Гэтай сетцы ёсць дзе развівацца ў сельскай мясцовасці", - рэзюмаваў ён.

Паводле даных Гандлёвага рэестра на 30 мая, з 626 харчовых магазінаў сеткі "Еўраопт" толькі 96 (15,4 працэнта) размешчаны на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў.

Гендырэктар ТАА "Еўрагандаль" Андрэй Зубкоў таксама прысутнічаў на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета. "Мы лічым, што ў першую чаргу трэба клапаціцца аб інтарэсах насельніцтва. У гэтым выпадку можна гаварыць аб тым, што 20-працэнтны бар'ер закранае сёння інтарэсы насельніцтва малых гарадоў да 50 тыс. насельніцтва і вёсак. Гэта 23 тыс. вёсак і 168 гарадоў. І яны сёння жывуць без сучаснага фармату гандлю. Пры гэтым цэны ў традыцыйных магазінах у вёсках на 30 працэнтаў даражэйшыя, чым у горадзе. Гэта значыць людзі, якія зарабляюць менш, вымушаны купляць прадукты даражэй", - звярнуў увагу ён.

"У нас толькі ў гэтым годзе больш за 40 калектыўных зваротаў ад грамадзян з просьбай адкрыць магазін. Больш за 90 працэнтаў апытаных беларусаў за апошнія тры гады гавораць аб тым, што яны хочуць адкрыцця магазіна "Еўраопт" у сельскай мясцовасці. Такія даследаванні праводзілі ІАЦ, НАН Беларусі, міжнародныя кампаніі - гэта пабочныя паважаныя арганізацыі", - падкрэсліў Андрэй Зубкоў. Пры гэтым гендырэктар ТАА "Еўрагандаль" адзначыў, што ў кампаніі ёсць складанасці ў рабоце з абласнымі Саветамі дэпутатаў, якія не спяшаюцца ўзгадняць адкрыццё іх гандлёвых аб'ектаў у вёсках з насельніцтвам да 2 тыс. чалавек.

Як паведаміла выканаўчы дырэктар некамерцыйнага аб'яднання "Асацыяцыя рознічных сетак" Наталля Шаблінская, члены асацыяцыі пасля працяглых дэбатаў прыйшлі да адзінага меркавання наконт павелічэння долі інфраструктурнага абмежавання. Цяпер у асацыяцыю ўваходзяць 15 буйных гандлёвых сетак, з іх 12 - прадуктовыя. За павелічэнне парога ў 20 працэнтаў прагаласавалі 2 гандлёвыя сеткі ("Еўрагандаль" і "Дабраном"), 1 гандлёвая сетка прапанавала перакласці прыняцце гэтага рашэння на МАРГ, яшчэ 9 - выказаліся супраць. "Мы прыслалі ў МАРГ адназначны адказ: асацыяцыя супраць змянення гэтай нормы", - канстатавала яна.

Супраць падняцця парога ў 20 працэнтаў выказаўся і сустаршыня саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Віктар Маргелаў. "Сёння мы павінны прыняць рашэнне, ідзём мы па шляху развіцця буйных гандлёвых сетак або ідзём у напрамку развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта прынцыповае пытанне, але мы катэгарычныя праціўнікі безразмернага развіцця адных суб'ектаў за кошт іншых. Мы паважаем буйныя сеткі і лічым, што такія прадпрыемствы павінны быць у гэтай краіне, пытанне толькі меры і адказнасці. Але неабходна такія рашэнні прымаць з улікам цэльнай стратэгіі развіцця гандлю, дзе знойдзецца месца кожнаму", - падкрэсліў ён. Віктар Маргелаў расказаў, што цяпер у Мінэканомікі распрацоўваюцца прапановы па фарміраванні праграмы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы гандлю. Большасцю галасоў на пасяджэнні ГКС было прынята рашэнне пакінуць у законе аб гандлі існуючае інфраструктурнае абмежаванне ў 20 працэнтаў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Аршанскі раён Аршанскі раён знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр - горад Орша з насельніцтвам 115 тыс. чалавек.