Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 верасня 2017, 18:18

МАРГ правядзе растлумачальную кампанію па ўказе аб развіцці гандлю і грамадскага харчавання ў вёсцы

22 верасня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю плануе правесці шырокамаштабную растлумачальную кампанію па ўказе нумар 345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення гандлю, прамысловага і аграпрамысловага комплексу МАРГ Віялета Бразоўская.

"Каб прадпрымальнікі маглі скарыстацца льготамі, мясцовыя органы ўлады павінны вызначыць пералік тэрыторый, на якія будзе распаўсюджвацца дзеянне ўказа. Мы правядзём шырокамаштабную інфармацыйную работу, каб Саветы дэпутатаў хутчэй вызначыліся", - адзначыла Віялета Бразоўская.

Яна нагадала, што дакументам прадугледжваецца прадаставіць ільготы прадпрымальнікам, якія працуюць у сферах гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў вёсцы і ў сярэдніх і малых гарадах.

Пад сельскай мясцовасцю ва ўказе маюцца на ўвазе населеныя пункты колькасцю насельніцтва да 2 тыс. чалавек, пад сярэднімі і малымі гарадскімі паселішчамі - колькасцю ад 2 тыс. да 10 тыс. чалавек. "У вёсцы мы прапісалі льготы для гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у сярэдніх і малых гарадскіх паселішчах - для грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Пры дзейнасці ў вёсцы ўказ распаўсюджваецца на ІП і юрыдычныя асобы, у малых гарадах - на ІП і мікраарганізацыі", - растлумачыла Віялета Бразоўская.

Паводле яе слоў, ільготы можна атрымаць пры адкрыцці магазінаў, павільёнаў, кіёскаў, палатак, аўтамагазінаў, гандлёвых месц на рынках і кірмашах, аб'ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. "З ільгот - вызваленне ад ПДВ, паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак (6 працэнтаў) і падаходным падатку з фізічных асоб (6 працэнтаў). Стаўка адзінага падатку для ІП за месяц складзе 1 базавую велічыню. Працуючыя ў сельскай мясцовасці і малых гарадах будуць поўнасцю вызвалены ад падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку, а таксама арэнднай платы за зямельныя ўчасткі", - расказала спецыяліст.

Таксама Віялета Бразоўская канстатавала, што суб'екты гаспадарання, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць мець права набываць аб'екты нерухомай маёмасці без правядзення аўкцыёну па рыначным кошце, прадаваць алкагольныя напіткі ў вёсцы ў магазінах незалежна ад гандлёвай плошчы, а юрыдычныя асобы - і ў аўтамагазінах пры ўзгадненні маршруту і асартыменту. Цяпер ІП забаронена прадаваць алкаголь у розніцу, яны могуць гэта рабіць толькі ў аб'ектах грамадскага харчавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі