Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 чэрвеня 2018, 13:15

МАРГ пракаменціраваў змяненні ў закон "Аб абароне правоў спажыўцоў"

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пракаменціравала змяненні ў закон "Аб абароне правоў спажыўцоў", паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар МАРГ Аліна Гілевіч.

Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў", падпісаны кіраўніком дзяржавы 13 чэрвеня 2018 года, афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У яго ўвайшлі змяненні і дапаўненні, што ўлічваюць напрацаваную правапрымяняльную практыку, а таксама прапановы спажывецкай супольнасці (грамадскіх аб'яднанняў спажыўцоў) і бізнесу.

З улікам прапаноў спажывецкай супольнасці для стварэння ўмоў для ўсвядомленага выбару спажыўцамі тавараў (работ, паслуг) аптымізаваны патрабаванні да інфармацыі аб таварах (работах, паслугах). У прыватнасці, закон дапоўнены нормамі аб тым, што да спажыўца павінна даводзіцца інфармацыя: аб краіне паходжання тавару, калі адрас вытворцы і краіна паходжання не супадаюць; аб класе энергаэфектыўнасці тавараў (па пераліку, прадугледжанаму заканадаўствам і тэхнічнымі рэгламентамі). Напрыклад, у маркіроўцы халадзільнікаў, пральных і пасудамыечных машын і інш. павінна змяшчацца ўказанне на клас энергаэфектыўнасці бытавой тэхнікі.

Акрамя таго, суб'екты, якія рэалізуюць тавары дыстанцыйна праз рэкламу або іншыя інфармацыйныя крыніцы, у тым ліку праз інтэрнэт, абавязаны будуць у гэтых крыніцах пазначаць цану прадукту шрыфтам, памер якога павінен быць не меншы за палову найбольшага памеру шрыфту, што змяшчаецца ў апісанні. Гэта дасць магчымасць зрабіць інфармацыю чытабельнай для спажыўцоў і знізіць колькасць выпадкаў увядзення іх у зман наконт кошту пакупкі.

Значная колькасць зваротаў пры рабоце над праектам закона датычылася мовы прадастаўляемай інфармацыі. У сувязі з гэтым у законе ўлічана прапанова аб давядзенні інфармацыі "на беларускай і (або) рускай мовах" замест замацаванай сёння альтэрнатывы - "на беларускай або рускай мове".

Законам замацоўваецца права спажыўца на правядзенне разлікаў у наяўнай і безнаяўнай форме. Пры гэтым уведзена забарона на ўстанаўленне суб'ектам розных цэн (тарыфаў) у залежнасці ад формы аплаты.

Таксама ўведзена забарона на выпатрабаванне ў спажыўца пашпарта або іншага дакумента, што засведчвае асобу, пры вяртанні яму грошай. Адсутнасць рэгулявання гэтага пытання параджала шмат зваротаў грамадзян у дзяржаўныя органы.

Па аналогіі з правам спажыўца на вяртанне якаснага тавару, прадугледжваецца права спажыўца на аднабаковую адмову ад дагавора аб выкананні работы (паслугі) пры ўмове аплаты выканаўцу фактычна панесеных расходаў.

Шмат спажывецкіх спрэчак і скаргаў апошнім часам выклікаецца адсутнасцю належнага рэгулявання абароту так званых падарачных сертыфікатаў. Законам прадугледжваецца ўстанаўленне ўрадам парадку рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па такіх дакументах. Распрацоўка адпаведнага нарматыўнага прававога акта павінна быць завершана да тэрміну ўступлення ў сілу закона.

Разам з прапановамі спажывецкай супольнасці ў законе ўлічаны таксама абгрунтаваныя прапановы бізнес-супольнасці з улікам вопыту прававога рэгулявання праваадносін у сферы абароны правоў спажыўцоў у заканадаўстве дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. У прыватнасці, устанаўліваецца іншы парадак заяўлення патрабаванняў адносна тэхнічна складаных і дарагіх тавараў. Пасля заканчэння 30 дзён пасля куплі спажывец мае права заявіць патрабаванне аб замене або вяртанні такога тавару толькі ў двух выпадках: пры выяўленні істотнага недахопу, пры парушэнні суб'ектам тэрмінаў бязвыплатнага рамонту.

Прадугледжваецца магчымасць павелічэння з пісьмовай згоды спажыўца тэрміну бясплатнага (гарантыйнага) рамонту з 14 да 30 дзён. Папраўка абумоўлена выпадкамі аб'ектыўнай неабходнасці ўстанаўлення больш працяглых тэрмінаў рамонту, напрыклад, у сувязі з дазаказам камплектуючых, запасных частак, патрабаваннямі аб ажыццяўленні рамонту на вытворчым абсталяванні вытворцы або яго ўпаўнаважаных асоб, размешчаных аддалена, і г.д.

Па прапанове суб'ектаў гандлю ўводзіцца абавязак рамонтных арганізацый ажыццяўляць праверку якасці дастаўленага ім прадаўцамі (пастаўшчыкамі) тавару ў трохдзённы тэрмін (для забеспячэння своечасовага выканання законных патрабаванняў спажыўца). Прадугледжваецца права прадаўца (вытворцы, пастаўшчыка, рамонтнай арганізацыі) спагнаць расходы на захоўванне тавару са спажыўцоў, якія пасля заканчэння двух месяцаў з моманту правядзення экспертызы або бясплатнага рамонту не з'яўляюцца за таварам без уважлівых прычын.

Прадугледжваецца абавязак спажыўца пры вяртанні якаснага тавару вярнуць яго ва ўпакоўцы, у якой ён быў прададзены.

Акрамя таго, у закон унесены шэраг паправак з мэтай яго прывядзення ў адпаведнасць з правам Еўразійскага эканамічнага саюза, заканадаўчымі актамі Беларусі.

У асноўным гэтыя папраўкі датычацца дапаўнення закона нормамі аб рэгуляванні праваадносін у сферы абароны правоў спажыўцоў, звязаных з маркіроўкай, якасцю, бяспекай тавараў (работ, паслуг) і г.д.

Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" уступае ў сілу з 23 снежня 2018 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі