Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 чэрвеня 2017, 17:01

МАРГ плануе абавязаць гандлёвыя сеткі размяшчаць інфармацыю аб умовах трапляння тавараў на паліцы

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю плануе замацаваць заканадаўча абавязак гандлёвых сетак размяшчаць інфармацыю аб умовах трапляння тавараў на паліцы, заявіў сёння журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Павінен быць нейкі парадак, па якім любы пастаўшчык пры заключэнні дагавора можа азнаёміцца з умовамі трапляння на тую ці іншую паліцу. Цывілізаваным з'яўляецца спосаб, калі гандлёвыя арганізацыі публікуюць у адкрытым доступе ўмовы размяшчэння тавару ў гандлёвай зале. Пакуль мы толькі прапануем гандлёвым сеткам прадастаўляць такую інфармацыю, але ў будучым рыхтуем унясенні змяненняў у закон аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання, дзе будзе прадугледжаны абавязак гандлёвых арганізацый публічна інфармаваць пастаўшчыкоў аб гэтых умовах", - падкрэсліў міністр.

Уладзімір Калтовіч нагадаў, што МАРГ нядаўна пачаў расследаванне склаўшыхся гандлёвых практык па забеспячэнні роўных умоў прысутнасці пастаўшчыкоў у гандлёвых сетках. Паводле яго слоў, з пачатку года ў міністэрства паступілі скаргі ад ААТ "Чырвоны харчавік", ДП "Салодкая краіна", ІПУВП "Смак", ААТ "Лідахлебапрадукт", якія датычацца ўсё большага націску гандлёвых сетак у частцы доступу на палічную прастору, навязвання нявыгаднай лагістычнай схемы пастаўкі прадукцыі ў гандлёвую сетку.

"Цяпер мы вывучаем, якім чынам пабудавана работа ў арганізацыях гандлю. У гандлёвых залах ёсць прэміяльныя месцы, ёсць месцы, на якіх прадукцыя прадаецца горш. Любы пастаўшчык мае права ведаць, як яму трапіць у прыкасавую зону, колькі акцый для гэтага трэба правесці, якія аб'ёмы продажаў павінны быць. Але пры гэтым важна падкрэсліць, што ў правілах аб гандлі ў нас замацаваны абавязак гандлёвых арганізацый усе аперацыі, якія звязаны з гандлёва-тэхналагічным працэсам, праводзіць без спагнання дадатковай платы. Паліцы прадаваць нельга, гэта звычайная тэхналагічная аперацыя", - акцэнтаваў увагу міністр. Паводле яго слоў, размяшчаць такую інфармацыю было б разумна на сайце гандлёвай арганізацыі. Акрамя таго, пастаўшчык можа запатрабаваць у сеткі такую інфармацыю. Таксама Уладзімір Калтовіч расказаў, што цяпер міністэрства разглядае заявы прадпрыемстваў аб спагнанні платы за тэсціраванне тавару. "Мы хацелі б паглядзець, якім чынам гэта калькуліруецца", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі