Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 мая 2016, 14:55

Ляйтл: беларуска-еўрапейскі інвестфорум - адзін з крокаў у рэалізацыі ідэі "інтэграцыі інтэграцый"

24 мая, Вена /Юлія Огнева - БЕЛТА/. "Венскі форум: прыцягненне еўрапейскіх інвестыцый у Рэспубліку Беларусь" з'яўляецца адным з крокаў на шляху рэалізацыі ідэі "інтэграцыі інтэграцый". Такое меркаванне выказаў сёння журналістам прэзідэнт Федэральнай палаты эканомікі Аўстрыі Крыстаф Ляйтл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ідэю "інтэграцыі інтэграцый", стварэнне зоны свабоднага гандлю я абмяркоўваў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама я абмяркоўваў яе з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Па сутнасці, сённяшняе наша мерапрыемства з'яўляецца адным з крокаў у гэтым напрамку", - адзначыў Крыстаф Ляйтл.

Адносна гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Аўстрыі Крыстаф Ляйтл адзначыў, што краіны маюць сумесныя праекты ў многіх сферах, аднак патэнцыял супрацоўніцтва яшчэ не вычарпаны. "Цяпер мы працуем у многіх сферах. Але ў нас ёсць шмат напрамкаў, дзе мы можам прадоўжыць супрацоўніцтва: інфраструктура, прафесійная адукацыя, транспарт", - канстатаваў ён.

"Венскі форум: прыцягненне еўрапейскіх інвестыцый у Рэспубліку Беларусь" праходзіць сёння ў сталіцы Аўстрыі. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць больш як 120 чалавек. Інтарэсы еўрапейскай дзелавой супольнасці на форуме акрамя аўстрыйскіх кампаній прадстаўляюць бізнесмены з Германіі, Італіі, Балгарыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Францыі, Латвіі, Венгрыі, Славакіі. У рабоце форуму прымаюць удзел прэзідэнт Федэральнай палаты эканомікі Аўстрыі Крыстаф Ляйтл, прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапалаты, а таксама кіраўнікі палат Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі