Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 жніўня 2018, 11:28

Крэдытныя гісторыі ў Беларусі стануць больш падрабязнымі

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Крэдытныя гісторыі ў Беларусі стануць больш падрабязнымі. Сёння ўступілі ў сілу асноўныя палажэнні закона ад 13 лістапада 2017 года нумар 66-З "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб крэдытных гісторыях", паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

У адпаведнасці з законам пашыраецца колькасць крыніц фарміравання крэдытных гісторый за кошт лізінгавых арганізацый і ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь". Пры гэтым прадугледжана ўключэнне ў склад крэдытных гісторый звестак аб дагаворах лізінгу, дагаворах факторынгу і дагаворах уступкі грашовага патрабавання пры правядзенні факторынгавай аперацыі.

Законам пашыраны пералік звестак аб крэдытных здзелках, што ўключаюцца ў склад крэдытных гісторый. У прыватнасці, звесткі аб крэдытных дагаворах з аднаўляльнымі крэдытнымі лініямі і дагаворах, якія змяшчаюць умовы авердрафтнага крэдытавання, дапаўняюцца інфармацыяй аб суме тэрміновай запазычанасці, тэрміне аднаўляльнасці крэдыту, даце ўстанаўлення ліміту авердрафту.

Таксама законам устаноўлена сувязь дагавораў забеспячэння (паручыцельства, гарантыя) з забяспечваемымі імі дагаворамі крэдытнага характару, што дасць магчымасць ацэньваць фактычную суму астатку забяспечваемага асноўнага абавязацельства.

Акрамя таго, прадугледжана магчымасць атрымання згоды суб'екта крэдытнай гісторыі на прадастаўленне крэдытнай справаздачы ў электронным выглядзе без выкарыстання электроннага лічбавага подпісу ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

"Змяненні ў закон "Аб крэдытных гісторыях" дадуць магчымасць атрымліваць больш поўную і дакладную інфармацыю, якая характарызуе крэдытаздольнасць суб'ектаў крэдытных гісторый. Таксама змяненні прывядуць да зніжэння крэдытных рызык, што ў сваю чаргу будзе садзейнічаць развіццю фінансавага рынку і інстытута нагляду за ім, павысіць устойлівасць фінансавай сістэмы краіны ў цэлым", - адзначылі ў Нацбанку.

Для прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з законам праўленнем Нацбанка 22 чэрвеня 2018 года прынята пастанова нумар 291, якая вызначае парадак фарміравання Нацбанкам крэдытных гісторый, у тым ліку парадак і тэрміны прадстаўлення звестак, якія ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі, а таксама парадак прадастаўлення крэдытных справаздач карыстальнікам крэдытных гісторый і суб'ектам крэдытных гісторый. Акрамя таго, 22 жніўня 2018 года прынята пастанова нумар 375, якая ўстанаўлівае формы прадастаўлення крэдытных справаздач.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі