Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 ліпеня 2017, 18:29

Кітайскія інвестары праяўляюць цікавасць да ўваходжання ў капітал некалькіх беларускіх прадпрыемстваў

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайскія інвестары праяўляюць цікавасць да ўваходжання ў капітал некалькіх беларускіх прадпрыемстваў. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў, які сёння сустракаў у Нацыянальным аэрапорце Мінск кітайскую дэлегацыю на чале са старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР Сяа Яцынам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Андрэй Гаеў, заключанае ў верасні 2016 года паміж дзяржкамітэтамі маёмасці Беларусі і Кітая рамачнае пагадненне прадугледжвае пераход ад крэдытнага супрацоўніцтва да прамога інвесціравання. "Тут патэнцыял вельмі высокі. Трэба ісці насустрач адзін аднаму, тады дамоўленасці рэалізуюцца на карысць дзяржаў і грамадства дзвюх краін", - сказаў ён.

Цяпер кітайскі бок разглядае пілотны пералік беларускіх арганізацый з папярэднімі ўмовамі ўваходжання інвестараў у іх акцыянерны капітал. "Ужо можна гаварыць аб папярэдніх выніках. Так, абмяркоўваюцца механізмы супрацоўніцтва адносна "Гомсельмаша". Падрыхтаваны праект указа кіраўніка дзяржавы аб пераўтварэнні РУП "Белдзяржпраект" (у адкрытае акцыянернае таварыства. - Заўвага БЕЛТА), які прадугледжвае ўваходжанне кітайскага капіталу", - растлумачыў Андрэй Гаеў.

Каменціруючы візіт кітайскай дэлегацыі, Андрэй Гаеў звярнуў увагу на тое, што Камітэт па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР кіруе дзяржсектарам, які аб'ядноўвае больш за 100 буйных карпарацый, што маюць сусветнае значэнне. Разам са старшынёй камітэта ў Мінск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя дзелавых колаў. У іх ліку кіраўнікі 16 буйных карпарацый, гадавы абарот якіх складае больш як $1,5 трлн. Візіт арганізуецца ў рамках дасягнутых дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзяржаў з мэтай стымулявання супрацоўніцтва паміж беларускімі і кітайскімі прадпрыемствамі.

"Будуць абмяркоўвацца розныя напрамкі ўзаемадзеяння, звязаныя з развіццём адносін на тэрыторыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Размова будзе ісці аб самых розных формах супрацоўніцтва ў машынабудаванні, металургіі, электроніцы, медыцыне, а таксама ў забеспячэнні экалагічнай бяспекі. Вялікі спектр магчымасцей ёсць паміж краінамі ў сферы турызму", - адзначыў старшыня Дзяржкаммаёмасці.

Што датычыцца ўваходжання беларускіх прадпрыемстваў у індустрыяльны парк у якасці рэзідэнтаў, то Андрэй Гаеў адзначыў, што такая магчымасць ёсць у ААТ "Прамсувязь" і ААТ "Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі