Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 кастрычніка 2016, 18:00

Кіраўнікі ўрадаў СНД абмяркуюць у Мінску пытанні функцыянавання зоны свабоднага гандлю Садружнасці

26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні функцыянавання зоны свабоднага гандлю СНД будуць разгледжаны на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД 28 кастрычніка ў Мінску. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй Выканаўчага камітэта СНД - выканаўчым сакратаром Садружнасці Сяргеем Лебедзевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, на пасяджэнні будуць разгледжаны механізмы рэалізацыі рашэнняў, прынятых кіраўнікамі дзяржаў СНД у Бішкеку ў верасні бягучага года. "Кіраўнікамі дзяржаў былі прыняты вельмі важныя рашэнні ў жыцці СНД, што датычацца прывядзення работы органаў Садружнасці да сучасных рэалій, павышэння эфектыўнасці функцыянавання органаў СНД і самой арганізацыі, падбору кадраў, мінімізацыі фінансавых затрат, - нагадаў Андрэй Кабякоў. - Наша пасяджэнне будзе прысвечана рэалізацыі тых рашэнняў, якія кіраўнікі дзяржаў абазначылі".

Гэтыя рашэнні прыняты ўжо для выканання, падкрэсліў прэм'ер-міністр. "Мы ўдзячныя Выканкаму СНД за тое, што тыя рашэнні, якія былі абазначаны кіраўнікамі дзяржаў, былі неадкладна прыняты для выканання і аператыўна разглядаюцца на пляцоўцы Выканкама. Кіпіць работа, і мы разлічваем на тое, што знойдзем правільныя механізмы выканання тых даручэнняў, якія прэзідэнты нам далі ў верасні", - сказаў ён.

Што датычыцца эканамічнай часткі пытанняў, якія плануецца разгледзець на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў 28 кастрычніка, то асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням функцыянавання зоны свабоднага гандлю СНД. "Гэта перш за ўсё забеспячэнне безумоўнага функцыянавання зоны свабоднага гандлю. Прадугледжваецца, што будзе падрыхтаваны адпаведны даклад, і ў пятніцу паслухаем з нашымі калегамі, чаго мы там дасягнулі", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Таксама ў парадку дня пытанні, звязаныя з пагадненнем аб зоне свабоднага гандлю паслугамі. "Гэта таксама вельмі важны напрамак, дзе можна істотным чынам дабавіць, - лічыць прэм'ер-міністр. - Мы таксама зацікаўлены ў тым, каб падпісаць пагадненне або пратакол аб працэдурах і правілах дзяржаўных закупак з тым, каб у нас было агульнае разуменне і агульны допуск да дзяржаўных закупак у рамках усіх краін СНД і тых краін, якія пажадаюць далучыцца".

"Мы, вядома, зацікаўлены і ва ўдасканаленні работы эканамічнага суда СНД", - дадаў ён.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што ў Мінску прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная вынікам і перспектывам развіцця СНД, дзе былі дэталёва абмеркаваны ўсе напрамкі дзейнасці краін Садружнасці. "Вам засталося пакласці ўсё на паперу і пачаць рэалізоўваць", - адзначыў ён, звяртаючыся да Сяргея Лебедзева.

"Што датычыцца правядзення пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, то мы ва ўрадзе пастараліся ўсё забяспечыць. Лічым, што гатоўнасць даволі высокая. Хацелася б ад вас пачуць змястоўную частку: наколькі нашы выканаўчыя органы падрыхтавалі пытанні, ці ёсць праблемныя моманты, якія мы можам абмеркаваць", - сказаў Андрэй Кабякоў.

У сваю чаргу Сяргей Лебедзеў адзначыў, што "наперадзе насычаная работа". "Цяпер нашы эксперты працуюць над узгадненнем апошніх пытанняў, якія яшчэ застаюцца з улікам тых заўваг, якія паступаюць. Спадзяёмся, што да пачатку пасяджэння знойдзем кампрамісныя варыянты. Да нарады спадзяёмся ўстараніць апошнія шурпатасці", - заявіў ён.

Як паведамлялася, на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў плануецца разгледзець больш за 20 праектаў дакументаў, якія датычацца далейшага развіцця супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках дзейнасці Садружнасці. Чакаецца, што кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць прагноз вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў краін СНД на перыяд да 2030 года, прыярытэтныя мерапрыемствы ў сферы гуманітарнага супрацоўніцтва на сярэднетэрміновую перспектыву. Акрамя таго, у праект парадку дня ўключаны пытанні, якія датычацца супрацоўніцтва ў горна-металургічнай галіне, аўтамабілебудаванні, у сферы процідзеяння вытворчасці і распаўсюджванню кантрафактнай прадукцыі, прававой асветы спажыўцоў, у павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў у галіне геадэзіі, картаграфіі, кадастру і дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Будуць разгледжаны таксама дакументы, што рэгламентуюць узаемадзеянне ў пабудове і развіцці інфармацыйнага грамадства, гідраметэаралагічнай дзейнасці, фарміраванні і развіцці рынку інтэлектуальнай уласнасці. Плануецца ўнесці змяненні ў шэраг раней прынятых дакументаў, а таксама разгледзець пытанні ў фінансава-эканамічнай сферы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі