Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 красавіка 2018, 12:03

Кіраўнікі Мінсельгасхарча Беларусі і Мінсельгаса Расіі правядуць рабочую сустрэчу ў Маскве 20 красавіка

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі Мінсельгасхарча Беларусі і Мінсельгаса Расіі правядуць рабочую сустрэчу ў Маскве 20 красавіка па пытаннях паставак беларускай харчовай прадукцыі на расійскі рынак, паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Па запрашэнні міністра сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандра Ткачова мы ў складзе рабочай групы 20 красавіка прымем удзел у сустрэчы ў Маскве. Неабходна абмеркаваць попыт і прапанаванне па прадуктах, што пастаўляюцца на расійскі і беларускі рынкі, гэта значыць харчовыя балансы, акрэсліць асартымент відаў прадукцыі, аб'ёмы і тэрміны паставак, каб можна было ўвязаць эканамічныя інтарэсы Беларусі і Расіі. Таксама будзем абмяркоўваць пытанні зняцця часовых абмежаванняў з беларускіх прадпрыемстваў малочнай і мясной галіны. Акрамя таго, неабходна выпрацаваць адзіныя падыходы, элементы дарожнай карты па зняцці абмежавання. Абодвум бакам трэба дакладна разумець, што неабходна рабіць, каб своечасова зняць гэтыя абмежаванні і ў прынцыпе не дапускаць іх. Мы чакаем пазітыўнай размовы з Мінсельгасам і Рассельгаснаглядам аб падыходах дзвюх краін па недапушчэнні на агульны рынак няякасных прадуктаў харчавання", - сказаў Леанід Заяц. У час рабочай сустрэчы, магчыма, таксама будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння адзінага малочнага рынку.

Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі стабільная эпізаатычная сітуацыя. "Мы ўжо прадставілі такую інфармацыю расійскаму боку. Мы ніколі не дазволім, каб у Расію пастаўлялася прадукцыя сумніўнай якасці, тым больш з вірусам АЧС. Перад пастаўкай на харчовы рынак Беларусі, Расіі і іншых краін уся наша прадукцыя праходзіць дасканалы ветэрынарна-санітарны кантроль", - сказаў ён.

Рассельгаснагляд з 10 красавіка ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўкі свінагадоўчай прадукцыі з усёй тэрыторыі Беларусі з-за нібыта выяўленага ў беларускай мясной прадукцыі віруса АЧС. "Калі расійскі бок уводзіў абмежаванні на пастаўкі з-за Гомельскай вобласці, як гэта было заяўлена, то трэба было б выконваць прынцып рэгіяналізацыі. Неабходна закрываць менавіта той рэгіён, які быццам уяўляе пэўную небяспеку, але ні ў якім выпадку не ўсю краіну. Мы будзем гэта пытанне ўзнімаць, будзем настойваць на тым, каб абмежаванні былі зняты", - заявіў Леанід Заяц.

Ён таксама растлумачыў, што старыя свінакомплексы ў Беларусі закрыты не ў сувязі з АЧС, а па эканамічных прычынах. "Улічваючы немэтазгоднасць далейшай эксплуатацыі ферм, на якіх нельга забяспечыць канкурэнтную вытворчасць, мы вымушаны паступова закрываць старыя комплексы, якія не прыносяць ніякай эканамічнай выгады. У цэлым па краіне закрыта з 2013 года 417 такіх ферм з пагалоўем практычна 250 тыс. Узамен ужо адкрыты 19 новых свінатаварных комплексаў, якія працуюць па сучаснай тэхналогіі. Яшчэ пяць свінатаварных комплексаў мы пабудуем да 2020 года. Усяго ў краіне будзе 24 новыя свінагадоўчыя комплексы, дзе будуць выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі вытворчасці свініны, а значыць, там будуць атрымліваць эканамічна эфектыўную і канкурэнтаздольную прадукцыю", - расказаў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі