22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэпцыя дзяржаўнай галіновай палітыкі зацверджана пастановай Савета Міністраў нумар 751 ад 20 кастрычніка 2018 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт урада.
Канцэпцыя ўяўляе сабой сістэму прынцыпаў, падыходаў, прыярытэтаў і мер, накіраваных на фарміраванне ўмоў для эфектыўнага ажыццяўлення дзейнасці ў галінах эканомікі (сектарах, відах эканамічнай дзейнасці). Канцэпцыя распрацавана для вызначэння арганізацыйна-эканамічнага механізма па павышэнні канкурэнтаздольнасці галін эканомікі.
Дзяржаўная галіновая палітыка грунтуецца на прынцыпах праактыўнасці, роўнасці форм уласнасці, неўмяшання ў добрасумленную канкурэнцыю, адкрытасці, стабільнасці заканадаўства.
Асноўныя напрамкі яе рэалізацыі - развіццё канкурэнцыі, садзейнічанне стварэнню і прыцягненню сучасных тэхналогій, стварэнне ўмоў для забеспячэння бяспекі вытворчасці тавараў, фарміраванне сістэмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, профільнай бізнес-адукацыі.
Рэалізацыя дзяржаўнай галіновай палітыкі павінна павысіць канкурэнтаздольнасць галін эканомікі, абмежаваць умяшанне суб'ектаў дзяржаўнай галіновай палітыкі ў дзейнасць дзяржаўных юрыдычных асоб і гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць дзяржаве, устараніць фактары, што перашкаджаюць эфектыўнай дзейнасці юрыдычных асоб розных форм уласнасці, гарманізаваць сістэмы і механізмы дзяржкіравання эканомікай у Беларусі з падыходамі ў ЕАЭС, забяспечыць стабільнасць заканадаўства на ўсіх узроўнях.
Рэспубліканскім дзяржорганам і іншым дзяржарганізацыям даручана забяспечыць рэалізацыю канцэпцыі ў адпаведных галінах эканомікі (сектарах, відах эканамічнай дзейнасці). Каардынаваць выкананне пастановы будзе Міністэрства эканомікі.-0-