Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 мая 2019, 13:31

Канкрэтызаваны падыходы да выплаты ўзнагароджання незалежным дырэктарам ААТ з дзярждоляй у статутных фондах

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесная калегія Дзяржкаммаёмасці і Мінэканомікі адобрыла метадычныя рэкамендацыі па выплаце ўзнагароджання незалежным дырэктарам, выбраным у склады саветаў дырэктараў (наглядальных саветаў) акцыянерных таварыстваў з удзелам дзяржавы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржкаммаёмасці.

Гэтыя метадычныя рэкамендацыі ў рэспубліцы распрацаваны ўпершыню. Як растлумачылі ў ведамстве, падыходы да выплаты ўзнагароджання незалежным дырэктарам канкрэтызаваны з мэтай удасканалення карпаратыўнага кіравання ў акцыянерных таварыствах з удзелам дзяржавы. "Чакаецца, што адобраныя метадычныя рэкамендацыі дадуць магчымасць актывізаваць работу ў акцыянерных таварыствах з удзелам дзяржавы ў частцы карпаратыўнага кіравання, у тым ліку шляхам прыцягнення высокакваліфікаваных незалежных дырэктараў", - дадалі ў прэс-службе.

Па рашэнні агульнага сходу акцыянераў незалежным дырэктарам у перыяд выканання імі сваіх абавязкаў прапануецца выплачваць узнагароджанні і кампенсаваць расходы, звязаныя з выкананнем імі функцый членаў савета дырэктараў (наглядальнага савета). Прадугледжваецца, што ўзнагароджанне павінна складацца з дзвюх частак: пастаяннай (базавай) і пераменнай (бонуснай). Пастаянную частку ўзнагароджання прапануецца выплачваць у памеры 80 працэнтаў ад акладу кіраўніка акцыянернага таварыства. Бонусная ж частка будзе залежаць ад дасягнення загадзя вызначаных колькасных і якасных задач, якія з'яўляюцца крытэрыямі выплат стымулюючага характару для кіраўніка (выкананне прагнозных паказчыкаў, даведзеных ва ўстаноўленым парадку ў рамках забеспячэння выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, за дасягненне апераджальнага росту прадукцыйнасці працы ў параўнанні з ростам заработнай платы і інш.).

Пры гэтым у ведамстве ўдакладняюць: "Памер бонуснай часткі ўзнагароджання вызначаецца шляхам падсумоўвання прэмій, бонусаў і ўзнагароджанняў, прадугледжаных умовамі кантракта кіраўніка таварыства за справаздачны перыяд (квартал, год), але не можа перавышаць памер выплачваемай пастаяннай часткі ўзнагароджання за гэты перыяд".

З улікам асаблівасцей іх дзейнасці акцыянерныя таварыствы на агульных сходах акцыянераў маюць права ўстанавіць таксама іншы памер узнагароджання незалежнага дырэктара.

Па выніках апрабацыі гэтага падыходу на практыцы Дзяржкаммаёмасць сумесна з Мінэканомікі пры неабходнасці будуць уносіць у яго адпаведныя карэкціроўкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі