Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 чэрвеня 2017, 16:29

Каля 50 працэнтаў праграм Мінскага аддзялення БелГПП прысвечаны супрацоўніцтву з рэгіёнамі Расіі

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 50 працэнтаў праграм Мінскага аддзялення БелГПП прысвечаны супрацоўніцтву з рэгіёнамі Расіі, паведаміў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Аляксандр Федарчук сёння ў час цырымоніі афіцыйнага адкрыцця выстаўкі Expo-Russia Belarus 2017 і Мінскага бізнес-форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта мерапрыемства праходзіць у Мінску ўжо другі раз. Два гады таму было заключана больш за 60 кантрактаў. Мы бачым добрыя перспектывы нашай сумеснай работы і ў гэтым годзе, спадзяёмся, што рэзультат будзе яшчэ лепшы, чым мінулы раз. За час работы выстаўкі плануецца правесці каля 400 дзелавых перагавораў. Гэта вельмі важна яшчэ і ў сувязі з тым, што каля 50 працэнтаў праграм, якія ажыццяўляе Мінскае аддзяленне БелГПП, так ці інакш звязаны з рэгіёнамі Расіі. Практычна штомесяц мы арганізуем візіты ў Расію або прымаем дэлегацыі з розных рэгіёнаў гэтай краіны. У нас падпісаны больш за 70 пагадненняў. Кантакты, якія будуць наладжаны ў час гэтай выстаўкі, - залог нашай паспяховай работы ў будучым", - сказаў Аляксандр Федарчук.

Міжнародная прамысловая выстаўка Expo-Russia Belarus 2017 праходзіць у Мінску 21-23 чэрвеня. У экспазіцыях расійскіх і беларускіх кампаній прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі ў традыцыйнай, атамнай і альтэрнатыўнай энергетыцы, сельскай гаспадарцы, нафтахімічнай і газавай прамысловасці, харчовай прамысловасці, машынабудаванні, будаўніцтве, транспарце, медыцыне і фармакалогіі, тэлекамунікацыях і сувязі, адукацыі. У час выстаўкі арганізаваны другі Мінскі бізнес-форум, канферэнцыя "Расія - Беларусь: супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", тэматычныя круглыя сталы сумесна з галіновымі міністэрствамі, сустрэчы і перагаворы, а таксама культурныя мерапрыемствы. Дзелавой праграмай выстаўкі прадугледжана абмеркаванне перспектыў развіцця эканамічных адносін з партнёрамі з Беларусі на ўзроўні рэгіёнаў Расіі. Будзе праведзена кантактна-кааперацыйная біржа ў фармаце В2В, прэзентацыя рэгіёнаў і кампаній. У выстаўцы прымаюць удзел кампаніі з больш як 30 рэгіёнаў Расіі і Беларусі.

Арганізатары выстаўкі - ААТ "Замеж-Экспа" і Міжнародная асацыяцыя фондаў міру. Суарганізатар з беларускага боку - НВЦ "Белэкспа". Выстаўка праходзіць пры падтрымцы Савета Федэрацыі, Дзяржаўнай думы, МЗС РФ, Мінэканамразвіцця, Мінпрамгандлю, Міністэрства адукацыі і навукі, Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сельскай гаспадаркі, Рассупрацоўніцтва, Расійскага экспартнага цэнтра, пасольства і Гандлёвага прадстаўніцтва Расіі ў Беларусі, Нацыянальнага сходу, галіновых міністэрстваў Беларусі, Вышэйшага дзяржаўнага савета і іншых рабочых органаў Саюзнай дзяржавы, Выканаўчага камітэта СНД, Эканамічнага савета СНД, ЕЭК, Савета Міністраў і Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва (Беларусь), Мінскага аддзялення БелГПП.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі