Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лістапада 2017, 14:04

Калінінград закупіць аўтобусы МАЗ да чэмпіянату свету па футболе 2018 года

13 лістапада, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Калінінград закупіць аўтобусы вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода да чэмпіянату свету па футболе 2018 года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам губернатар Калінінградскай вобласці Расіі Антон Аліханаў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Горад Калінінград будзе дадаткова закупляць аўтобусы пад чэмпіянат, таму што ў нас ёсць пэўны дэфіцыт, нягледзячы на нядаўнюю закупку 100 аўтобусаў. Мне здаецца, што ў нас, адназначна, ёсць неабходнасць скарыстацца рабочай сілай з боку Беларусі: тут вельмі добрыя вадзіцелі. Нам трэба запрасіць беларускіх калег, каб яны ў час чэмпіянату свету, у час пікавых нагрузак нам дапамаглі", - сказаў Антон Аліханаў.

Паводле слоў губернатара, на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі абмяркоўваўся ўвесь спектр двухбаковага ўзаемадзеяння. "У першую чаргу, мы гаварылі пра развіццё сельскай гаспадаркі. Вельмі шмат праектаў, якія ўжо рэалізуюцца пры ўдзеле беларускіх калег, у іх ліку прамысловае садаводства. Цяпер мы абмяркоўвалі пытанні меліярацыі, прасілі калег падключыцца да тых праектаў, якія будзем рэалізоўваць ужо ў наступным годзе, таму што ёсць пэўныя цяжкасці. Нам хацелася б, каб была аказана дапамога", - адзначыў ён.

На перагаворах таксама разгледжаны перспектывы супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы. У прыватнасці, бакі закранулі пытанні, звязаныя з больш актыўным выкарыстаннем партовай інфраструктуры Калінінграда і развіццём авіязносін.

Абмяркоўвалася і ўзаемадзеянне ў медыцынскай галіне ў сувязі з планамі расійскага рэгіёна па будаўніцтве анкалагічнага цэнтра. "У Беларусі вялікія традыцыі і вопыт у гэтай сферы. У нас ёсць пэўны недахоп у колькасці ўрачоў. Мы дамовіліся, што створым спецыяльную праграму навучання нашых спецыялістаў у Беларусі", - расказаў Антон Аліханаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі