Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лютага 2019, 18:15

Качанава: справа гонару для ўсіх нас - зрушыць сітуацыю па Аршанскім раёне з мёртвага пункта

13 лютага, Орша /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Оршы сёння адбылося выязное пасяджэнне Віцебскага аблвыканкама па пытаннях развіцця Аршанскага раёна. З боку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай прагучала строгая ацэнка работы мясцовых органаў улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА

"Часу на разгойдванне ў вас няма, час угавораў прайшоў. Мы павінны бачыць вынік і эфектыўнасць рашэнняў, якія падпісаны ўжо кіраўніком дзяржавы. Практычна ніводны ключавы паказчык эфектыўнасці работы за мінулы год не выкананы", - падкрэсліла Наталля Качанава.

На яе думку, гэта перш за ўсё звязана з недаглядам у рабоце кадраў. "Іншай прычыны для невыканання пастаўленай задачы проста няма. Якія б рашэнні і прэферэнцыі па Аршанскім рэгіёне ні прымаліся на рэспубліканскім узроўні, пакуль тут не пачнуць працаваць кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, мясцовых органаў улады, нічога не атрымаецца", - сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Яна адзначыла, што пабывала ў шасці-сямі гарадах, аналагічных Оршы па колькасці насельніцтва, прадпрыемствах, інфраструктуры, але нідзе такой сітуацыі не бачыла.

"Калі вы хочаце дасягнуць рэзультату, ён у вас будзе. Але гэта залежыць толькі ад вас. Неадкладна пачынайце працаваць. Справа гонару для ўсіх нас - перавярнуць і зрушыць сітуацыю па Аршанскім рэгіёне з мёртвага пункта", - сказала Наталля Качанава.

Яна нагадала, што роўна паўгода мінула з моманту правядзення ў Оршы нарады з удзелам Прэзідэнта, на якой была дадзена прынцыповая ацэнка таму, што адбываецца, і праведзена змена ўрада. "На мой погляд, ніхто вывады не зрабіў. І перш за ўсё - мясцовыя органы ўлады. Усё, што вы прапаноўвалі, акумулявана ў нарматыўных актах, падпісаных кіраўніком дзяржавы. Чаму цяпер не рэалізуецца так, як трэба? Зацягваць ніхто не будзе, будуць уносіцца прапановы па кадрах, інакш не атрымліваецца", - падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі