Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 студзеня 2018, 10:48

Кабякоў: у дзяржпраграме інавацыйнага развіцця доля праектаў V і VI укладаў павінна быць не менш як 75 працэнтаў

24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Доля інавацыйных праектаў V і VI тэхналагічных укладаў павінна быць не менш як 75 працэнтаў ад агульнага аб'ёму праектаў, якія рэалізуюцца па Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады. Аб гэтым заявіў 23 студзеня прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася рэалізацыя дзяржпраграмы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У рамках дзяржпраграмы 17 заказчыкамі рэалізуецца 86 праектаў. Найбольшая колькасць інавацыйных праектаў у 2017 годзе рэалізоўвалі Мінпрам (13), НАН (10), канцэрн "Беллегпрам", а таксама шэраг аблвыканкамаў і Мінскі гарвыканкам.

Пры гэтым Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што пры дастатковай колькасці рэалізуемых праектаў у рамках дзяржпраграмы толькі 34 (39,5 працэнта) з іх адпавядаюць узроўню V-VI тэхналагічных укладаў. "На маю думку, такіх праектаў павінна быць не менш як 75 працэнтаў. Прасочваецца слабая работа рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання па пошуку і рэалізацыі прарыўных інавацыйных праектаў, адпаведных вышэйшым тэхналагічным укладам", - лічыць кіраўнік урада.

У 2017 годзе забяспечаны ўвод у эксплуатацыю аб'ектаў па 19 праектах. Гэта арганізацыя вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў у СЗАТ "БЕЛДЖЫ", развіццё філіяла навукова-тэхнічнага цэнтра "Белмікрасістэмы" ААТ "Інтэграл", арганізацыя доследнай вытворчасці кампазіцыйных матэрыялаў на базе айчынных тэрмапластоў для экструзійнага 3D-друку і іншыя.

Разам з тым Андрэй Кабякоў адзначыў недастатковую работу асобных заказчыкаў, якая не дазволіла забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны ўвод у эксплуатацыю аб'ектаў па 6 праектах дзяржпраграмы. "Разлічваю пачуць у дакладзе кіраўніка ДКНТ падрабязную справаздачу аб прычынах невыканання асобнымі заказчыкамі ўстаноўленых у дзяржаўнай праграме тэрмінаў, а таксама прымаемых імі канкрэтных мерах па недапушчэнні такіх сітуацый у далейшым. Невыкананне тэрмінаў рэалізацыі праектаў пастаянна вядзе да карэкціроўкі праграмы ў частцы пераносу тэрмінаў і аб'ёмаў фінансавання, што не можа не ўплываць на эфектыўнасць выканання названай праграмы ў цэлым", - сказаў прэм'ер-міністр.

На пасяджэнні Прэзідыума Саўміна 23 студзеня абмяркоўвалася і правядзенне экспертыз інавацыйных праектаў. У 2017 годзе ў ДКНТ для правядзення экспертызы паступілі 70 інавацыйных праектаў. З іх 40 праектаў атрымалі станоўчыя заключэнні, 21 адмоўныя, 9 праектаў цяпер знаходзяцца на экспертызе.

Урадам у мінулым годзе была прынята пастанова ад 5 чэрвеня нумар 425, накіраваная на аптымізацыю працэдур і павышэнне якасці дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы. У той жа час, паводле інфармацыі ДКНТ, у 2017 годзе па прычыне няякаснай падрыхтоўкі дакументаў заказчыкамі матэрыялы па праектах вярталіся на дапрацоўку 38 разоў. Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на неабходнасць скаардынаванага і канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж ДКНТ і заказчыкамі ў рабоце па праходжанні экспертызы інавацыйных праектаў.

Што датычыцца выкарыстання ў 2017 годзе сродкаў, то пры 100-працэнтным асваенні сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду не поўнасцю выкарыстанымі засталіся сродкі мясцовых інавацыйных фондаў (асваенне склала 68,5 працэнта). Найбольш праблемнымі ў гэтым пытанні з'яўляюцца Гродзенская (асваенне склала 33,6 працэнта), Мінская (26,1 працэнта) і Брэсцкая (63,5 працэнта) вобласці. Па астатніх рэгіёнах асваенне сродкаў склала ад 80 працэнтаў да 93 працэнтаў. Пытанне своечасовасці і паўнаты асваення інавацыйных фондаў ужо разглядалася на пасяджэнні Прэзідыума Савета МІністраў у кастрычніку 2017 года. Андрэй Кабякоў лічыць, што аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам для асваення названых сродкаў у поўным аб'ёме былі прыняты недастатковыя меры.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, у 2018 годзе пры поўным асваенні сродкаў інавацыйных фондаў і пры наяўнасці новых прарыўных праектаў, адпаведных узроўню V-VI укладаў, магчыма выйсці з ініцыятывай да Прэзідэнта аб павелічэнні працэнта адлічэнняў у інавацыйныя фонды. "Калі цяпер адлічэнні ў інавацыйныя фонды складаюць 10 працэнтаў ад падатку на прыбытак, то магчыма павелічэнне гэтага нарматыву да 15-20 працэнтаў - колькі трэба. Такія падыходы будуць садзейнічаць прыцягненню дадатковых сродкаў і на развіццё навукі", - дадаў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік урада выказаў гатоўнасць разгледзець прапановы па ўзмацненні ролі ДКНТ у каардынацыі работы па пошуку міністэрствамі і рэгіёнамі знакавых праектаў, рэалізацыя якіх забяспечыць неабходныя ўмовы для павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, яе высокатэхналагічных сектараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі