Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 лістапада 2015, 15:18

Кабякоў прапануе пастаўляць у Аджарыю пасажырскую, камунальную і дарожна-будаўнічую тэхніку

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прапануе пастаўляць у Аджарыю шырокі спектр пасажырскай, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. Аб гэтым ён паведаміў сёння на сустрэчы са старшынёй урада Аўтаномнай Рэспублікі Аджарыя (Грузія) Арчылам Хабадзэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы аб перспектывах узаемадзеяння, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што ў Аджарыі і, у прыватнасці, у Батумі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інфраструктуры, перш за ўсё - турыстычнай. У сувязі з гэтым прэм'ер-міністр падкрэсліў: "Мы гатовы са свайго боку прапанаваць нашы магчымасці паставак у Аджарыю шырокага спектра пасажырскай, камунальнай, дарожна-будаўнічай тэхнікі. Мінскі аўтамабільны завод выйшаў на вытворчасць аўтобусаў на газаматорным паліве, што будзе актуальна для курортнай зоны".

Прэм'ер-міністр таксама лічыць актуальным супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. "У нас ёсць арганізацыі, якія могуць будаваць самыя складаныя аб'екты, прычым, можна сказаць, пад ключ, нават з этапу праектавання, наступнага будаўніцтва і да здачы гатовага аб'екта", - канстатаваў ён, адзначыўшы поспехі Беларусі ў вытворчасці будаўнічых, аддзелачных матэрыялаў.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, неабходна развіваць і нарошчваць узаемныя пастаўкі прадуктаў харчавання, для чаго, у першую чаргу, трэба вызначыцца з канкрэтнымі эканамічнымі аператарамі, якія зоймуцца гэтым пытаннем.

"У нас добрая магчымасць існуе па развіцці вытворчай кааперацыі", - упэўнены прэм'ер-міністр. Ён назваў адным з напрамкаў сумесную вытворчасць ліфтаў. "Мы ведаем, што патрабуецца сур'ёзнае абнаўленне ліфтавага парку (як у Грузіі, так і ў Аджарыі), а таксама аснашчэнне новых аб'ектаў, якія вы будуеце", - заўважыў ён.

Акрамя іншых сфер прэм'ер-міністр абазначыў супрацоўніцтва па падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў. У Беларусі захавалася добрая вышэйшая школа для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны і г.д.

Кіраўнік беларускага ўрада выказаў упэўненасць, што візіт замежнага госця будзе садзейнічаць больш актыўнай рэалізацыі дамоўленасцей, якія дасягнуты ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Грузію вясной бягучага года. "Мы лічым, што той аб'ём узаемнага гандлю з Грузіяй, які мы маем, - $64 млн па выніках 2014 года - гэта вельмі мала, і патэнцыялы нашых эканомік могуць згенерыраваць значна больш", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Цяпер у Беларусі праходзіць бізнес-форум, які дае магчымасць беларускаму і грузінскаму бізнесу спланаваць рэалізацыю новых сумесных праектаў. "Разлічваю, што ён будзе эфектыўным", - дадаў Андрэй Кабякоў.

У сваю чаргу Арчыл Хабадзэ таксама адзначыў важнасць бізнес-форуму, які праходзіць у Мінску, і падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём.

Аджарыя з'яўляецца адным з найбольш развітых рэгіёнаў Грузіі. Размешчана на крайнім паўднёвым захадзе краіны. Акрамя таго, гэта адзін з асноўных турыстычных цэнтраў Грузіі. Рэгіён актыўна прыцягвае замежныя інвестыцыі. Асноўнымі інвестарамі з'яўляюцца кампаніі з Вялікабрытаніі, Турцыі і Украіны. Дзяржава фінансуе рэалізацыю інфраструктурных праектаў, перш за ўсё ў частцы будаўніцтва і рамонту дарог, а таксама сістэм забеспячэння вадой. Кліматычныя ўмовы даюць магчымасць вырошчваць тытунь, чай, цытрусавыя. Вінаробства развіта ў меншай ступені.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі