Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 мая 2017, 17:34

Кабякоў: "Гомсельмашу" і "Растсельмашу" пара перайсці ад спаборніцтва да супрацоўніцтва

11 мая, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. "Гомсельмашу" і "Растсельмашу" пара перайсці ад спаборніцтва да супрацоўніцтва, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, што нам трэба ўсё ж такі канчаткова дамовіцца і спыніць у некаторых элементах нездаровае спаборніцтва паміж "Гомсельмашам" і "Растсельмашам". Мы можам сесці за агульны стол перагавораў, дамовіцца, хто што робіць, у каго што лепш за ўсё атрымліваецца, дапаўняць адзін аднаго, недзе, можа, і канкурыраваць разумна, таму што павінен выйграваць спажывец прадукцыі. Але ўвогуле мы павінны перайсці да трэнду супрацоўніцтва, а не надзвычай спаборніцкага матыву ва ўзаемаадносінах, каб у гэтай барацьбе мы не прапусцілі трэціх асоб", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён падкрэсліў, што Растоўская вобласць з'яўляецца адным з важнейшых гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. "У мінулым годзе ўзаемны тавараабарот склаў $340 млн, прычым ён больш-менш збалансаваны, гандаль мае ўзаемны характар. Праўда, ён пакуль не дасягнуў узроўню 2012-2013 гадоў - $420 млн. Але нам і $500 млн пад сілу. Думаю, мы павінны ставіць перад сабой больш амбіцыйную задачу", - падкрэсліў кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў расказаў, што Беларусь гатова паставіць у Растоўскую вобласць аўтамабільны транспарт, у тым ліку на газаматорным паліве. "У нас ёсць добры вопыт Мінскага аўтамабільнага завода, мы пастаўлялі прадукцыю і ў алімпійскі горад Сочы, і ў Калінінград, і ў Казань, і ў Піцер. Думаю, калі вы возьмеце нашу прапанову ў прапрацоўку і мы з вамі дамовімся па пастаўках, будзеце задаволены якасцю нашай тэхнікі", - запэўніў прэм'ер-міністр.

Кіраўнік урада адзначыў, што Беларусь актыўна працуе над стварэннем інавацыйных відаў камунальнага транспарту. "Мы зацікаўлены, каб гэтыя праекты жылі, за гэтымі праектамі будучыня", - лічыць Андрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што Беларусь зацікаўлена і ў тым, каб вярнуць да жыцця сумесную вытворчасць энерганасычаных трактароў у Батайску. "Атрымалася так, што наш трактар прайграе не па сваіх тэхнічных і эканамічных параметрах, а па магчымасцях аказання дзяржпадтрымкі. Калі мы ўраўнуем шанцы, нашы канкурэнты, якія вырабляюць аналагічную прадукцыю, будуць у такіх жа ўмовах, то, лічу, будуць перспектывы ў сумеснай вытворчасці энерганасычаных трактароў", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што Беларусь гатова папрацаваць над рэалізацыяй буйных інфраструктурных праектаў у Растоўскай вобласці. "Мы ведаем аб вашых планах па будаўніцтве аб'язной дарогі вакол абласнога горада. Мы зацікаўлены ў вытворчасці праектных работ, можам будаўнікамі аказаць адпаведную падтрымку", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён нагадаў, што беларускія будаўнікі актыўна ўзводзяць жыллё ў Расіі: "У Калузе цэлы квартал беларускі, у Калінінградскай, Смаленскай вобласці. У нас ёсць вопыт, будзе ваша воля - мы гатовы".

Таксама Андрэй Кабякоў адзначыў перспектывы супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы. "Мы ведаем, што растаўчане самі могуць шмат чаму навучыць, і мы вучымся ў вас. Але нам таксама ёсць што прапанаваць. Думаю, будзе карысна арганізаваць абмен напрацоўкамі ў вырошчванні кукурузы, цукровых буракоў, абмен насеннем. Варта развіваць супрацоўніцтва ў сферы племянной жывёлагадоўлі", - сказаў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўлена ў набыцці прадукцыі, якая належыць да крытычнага імпарту, - алею, шроту, соі.

У сваю чаргу Васіль Голубеў падзякаваў Андрэю Кабякову за канструктыўны дыялог і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі