Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 сакавіка 2018, 12:02

ІТ-прарыў: колькасць рэзідэнтаў ПВТ вырасла на чвэрць

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наглядальны савет Парка высокіх тэхналогій 13 сакавіка прыняў рашэнне аб рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў ПВТ адразу 46 новых кампаній, паведамілі БЕЛТА ў ПВТ.

"За больш як 10-гадовую гісторыю ПВТ такі істотны імгненны прырост - з 192 да 238 рэзідэнтаў, гэта значыць адразу на чвэрць, - адбыўся ўпершыню. Прычынай імклівага росту парка стала падпісанне ў снежні 2017 года Прэзідэнтам дэкрэта нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". ІТ-супольнасць дала высокую ацэнку гэтаму дакументу і адгукнулася сустрэчнымі крокамі", - паведамілі ў ПВТ.

"Большасць з прынятых 13 сакавіка ў ПВТ кампаній створаны нядаўна і арыентуюцца ў сваіх бізнес-планах на прадастаўленыя дэкрэтам нумар 8 выразныя і празрыстыя ўмовы работы ІТ-галіны. Ёсць сярод прынятых і кампаніі, якія раней устрымліваліся ад уступлення ў ПВТ, але дэкрэт нумар 8 змяніў іх меркаванне і падштурхнуў уступіць у парк - 12 з 46 новых рэзідэнтаў створаны да 2016 года", - растлумачылі ў Парку высокіх тэхналогій.

Прасочваецца тэндэнцыя росту колькасці прадуктовых кампаній: восем новых рэзідэнтаў сканцэнтраваны на стварэнні ўласных прадуктаў, а 21 - рэалізуе змешаную бізнес-мадэль, якая спалучае стварэнне ўласных прадуктаў з распрацоўкай праграмнага забеспячэння на заказ.

Парк высокіх тэхналогій вырас не толькі колькасна, але і якасна, паколькі новыя рэзідэнты ахопліваюць новыя высоказапатрабаваныя на рынку напрамкі дзейнасці і тэхналогіі. Сярод іх распрацоўка праграмнага забеспячэння ў сферы штучнага інтэлекту (нейронныя сеткі, машыннае навучанне, камп'ютарны зрок) і дапоўненай рэальнасці - кампаніі "Вонабай", "Камера Ферст Дэвелапмент", "Каноэ", "Твістэлар" і інш.; распрацоўка ПЗ у сферы збору, апрацоўкі, аналізу вялікіх аб'ёмаў даных (BigData) - кампаніі "БД Тэхналогіі", "Спіраль Скаўт"; распрацоўка праграмна-апаратных комплексаў у сферы інтэрнэту рэчаў - "Кліка Тэк"; распрацоўка ПЗ у сферы дакладнага земляробства - "УанСоіл".

У ПВТ таксама прыйшлі пяць рэзідэнтаў, чыя дзейнасць звязана не толькі з праграмным, але і апаратным забеспячэннем - "Клэвэтура", ВРТЭК, "Кліка Тэк", "Сірк'ют Інжынірынг Тэхналоджыз", "Софтмакс Сістэмы Тэлеметрыі".

Многія новыя рэзідэнты арыентаваны не толькі на экспарт, але і работу на ўнутраным беларускім рынку - "ВайсВэб", "Інтэрмех", "Сэрвіс-партнёр", "Софтмакс Сістэмы Тэлеметрыі".

Большасць з прынятых 13 сакавіка ў ПВТ кампаній (54 працэнты) створаны з удзелам замежных інвестыцый, і гэта адлюстроўвае давер замежных інвестараў да Парка высокіх тэхналогій і створанай у Беларусі інфраструктуры для ІТ-бізнесу, адзначылі ў парку. Напрыклад, ТАА "МэпДэйта" з'яўляецца цэнтрам распрацоўкі кампаніі Mapbox (ЗША), якая стварыла адну з вядучых сусветных платформ для вызначэння месцазнаходжання, картаграфавання і праектавання ў рэжыме рэальнага часу. Нядаўна Mapbox атрымала $164 млн інвестыцый ад буйнейшага ў свеце фонду SoftBank Vision. У якасці рэзідэнта ПВТ кампанія плануе распрацоўку праграмнага забеспячэння па распазнаванні дарожнай абстаноўкі з выкарыстаннем тэхналогій камп'ютарнага зроку і машыннага навучання.

З інфармацыяй аб усіх новых рэзідэнтах можна азнаёміцца ў каталогу на сайце ПВТ па спасылцы http://www.park.by/it/enterprises/type-search/

Такім чынам, па стане на 13 сакавіка 2018 года ў Парку высокіх тэхналогій 238 рэзідэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі