Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 чэрвеня 2019, 13:31

Горадабудаўнічая палітыка ў Беларусі арыентавана на развіццё разумных і зялёных гарадоў - Пірштук

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўная горадабудаўнічая палітыка ў Беларусі арыентуецца на развіццё разумных і зялёных гарадоў, праводзіцца вялікая работа па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтым напрамку, заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на пасяджэнні круглага стала "Зялёнае горадабудаўніцтва: ад тэорыі да практыкі", якое прайшло ў Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Баляслава Пірштука, тэма зялёнага горадабудаўніцтва становіцца ўсё больш актуальнай у свеце. У Беларусі ёй таксама ўдзяляецца вялікая ўвага. "З развіццём урбанізацыі ўсё большая нагрузка кладзецца на гарады, і трэба аб'яднаць намаганні для таго, каб максімальна захаваць прыродныя багацці. Важна вывучаць і пераймаць станоўчы міжнародны вопыт, прыцягваць грамадзянскую супольнасць, грамадскія арганізацыі", - сказаў ён.

У сваю чаргу пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі Аляксандра Салаўёва адзначыла, што Беларусь дэманструе лідарства ў рэгіёне ў рабоце над дасягненнем Мэт устойлівага развіцця. Распрацоўваюцца адпаведныя стратэгіі і праграмы як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўнях.

"Падтрымка, якую ПРААН аказвае ўраду па ўстойлівым развіцці гарадоў, уключае комплексныя рашэнні, што спалучаюць меры па развіцці энергаэфектыўнасці, выкарыстанні крыніц аднаўляльнай энергіі, кіраванні адходамі і інш. Разам гэтыя ініцыятывы садзейнічаюць скарачэнню выкідаў парніковых газаў. Мы гатовы і ў далейшым падтрымліваць сумесныя крокі ў напрамку зялёнага горадабудаўніцтва", - падкрэсліла Аляксандра Салаўёва.

На пасяджэнні круглага стала прадстаўлены вопыт распрацоўкі планаў зялёнага горадабудаўніцтва гарадамі Беларусі, рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты, прадстаўнікі міністэрстваў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, архітэктуры і будаўніцтва, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, праекта ГЭФ - ПРААН - Мінпрыроды "Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва", гарадскіх адміністрацый і грамадскіх аб'яднанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі