Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 верасня 2017, 19:55

Гандлёвыя сеткі змогуць адкрываць аб'екты ў вёсцы нават пры перавышэнні іх долі ў тавараабароце 20 працэнтаў

20 верасня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Гандлёвыя сеткі змогуць адкрываць аб'екты ў сельскай мясцовасці, нават калі іх доля ў аб'ёме рознічнага тавараабароту ў раёне перавышае 20 працэнтаў. Гэта прадугледжана праектам указа "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання", паведаміла начальнік упраўлення гандлю, прамысловага і аграпрамысловага комплексу МАРГ Віялета Бразоўская на II Канферэнцыі вытворцаў і прадаўцоў Trade Dialog, якая праходзіць 20-21 верасня ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праект указа прадугледжвае магчымасць суб'ектаў гаспадарання набываць і арандаваць дадатковую плошчу ў вёсцы ў рэгіёнах, у якіх доля перавысіла 20 працэнтаў. У асноўным гэта датычыцца гандлёвых сетак", - сказала Віялета Бразоўская.

Яна нагадала, што распрацоўка праекта ўказа "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання" - ініцыятыва МАРГ, вылучаная ў снежні мінулага года. "За апошнія некалькі гадоў колькасць магазінаў, гандлёвых плошчаў у вёсцы значна зменшылася. Мы як орган дзяржкіравання, які рэгулюе гэту сферу дзейнасці, не павінны былі застацца ўбаку. Таму і выйшлі з ініцыятывай распрацоўкі нарматыўна-прававога акта, які стымуляваў бы развіццё гандлю ў малых гарадах і ў вёсцы", - адзначыла спецыяліст.

У МАРГ лічаць, што прыняцце дакумента дасць магчымасць павялічыць колькасць суб'ектаў па абслугоўванні насельніцтва ў вёсцы і ў малых гарадах, прастымулюе прадпрымальніцкую ініцыятыву, створыць новыя рабочыя месцы, забяспечыць самазанятасць.

Пад сельскай мясцовасцю ва ўказе маюцца на ўвазе населеныя пункты колькасцю насельніцтва да 2 тыс. чалавек, пад сярэднімі і малымі гарадскімі паселішчамі - колькасцю ад 2 тыс. да 10 тыс. чалавек. "У вёсцы мы прапісалі льготы для гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у сярэдніх і малых гарадскіх паселішчах - для грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Пры дзейнасці ў вёсцы ўказ распаўсюджваецца на ІП і юрыдычныя асобы, у малых гарадах - на ІП і мікраарганізацыі", - растлумачыла Віялета Бразоўская.

Паводле яе слоў, ільготы можна атрымаць пры адкрыцці магазінаў, павільёнаў, кіёскаў, палатак, аўтамагазінаў, гандлёвых месц на рынках і кірмашах, аб'ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. "З ільгот - вызваленне ад ПДВ, паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак (6 працэнтаў) і падаходным падатку з фізічных асоб (6 працэнтаў). Стаўка адзінага падатку для ІП за месяц складзе 1 базавую велічыню. Працуючыя ў сельскай мясцовасці і малых гарадах будуць поўнасцю вызвалены ад падатку на нерухомую маёмасць і ад зямельнага падатку, а таксама арэнднай платы за зямельныя ўчасткі", - расказала спецыяліст.

Таксама Віялета Бразоўская канстатавала, што суб'екты гаспадарання, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія будуць мець права набываць аб'екты нерухомай маёмасці без правядзення аўкцыёну па рыначным кошце, прадаваць алкагольныя напіткі ў вёсцыі ў магазінах незалежна ад гандлёвай плошчы, а юрыдычныя асобы - і ў аўтамагазінах пры ўзгадненні маршруту і асартыменту. Цяпер ІП забаронена прадаваць алкаголь у розніцу, яны могуць гэта рабіць толькі ў аб'ектах грамадскага харчавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі