Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 ліпеня 2018, 17:51

Форум "Еўразійскі тыдзень" пройдзе 22-24 кастрычніка ў Ерэване

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІІІ Міжнародны выставачны форум "Еўразійскі тыдзень" пройдзе 22-24 кастрычніка ў Ерэване (Арменія), паведамілі БЕЛТА арганізатары мерапрыемства.

Форум збярэ 2,5 тыс. удзельнікаў - прадстаўнікоў органаў улады і бізнесу, спецыялістаў інстытутаў развіцця, фінансавых рэгулятараў, экспертаў з дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і краін - партнёраў саюза.

На афіцыйным сайце форуму апублікавана архітэктура дзелавой праграмы. Мерапрыемствы дзелавой праграмы пройдуць па трох асноўных напрамках - стратэгічным, галіновым і бізнес-трэку. Пленарнае пасяджэнне будзе прысвечана прамысловай кааперацыі.

Стратэгічны трэк нацэлены на стварэнне ўмоў для прамога дыялогу прадпрымальнікаў з рэгулятарамі нацыянальнага і наднацыянальнага ўзроўняў. Ён таксама ўключае панэльную дыскусію аб канкурэнцыі на тэрыторыі ЕАЭС, аб будучым саюза з улікам сусветных выклікаў, аб вялікім еўразійскім партнёрстве, бізнес-дыялог аб падатковым адміністраванні без урону для кааперацыі, дэбаты аб перспектывах крыптавалюты і іншых атрыбутах лічбавай эканомікі, магзавы штурм "Будучае ЕАЭС вачыма моладзі".

На саміце рэгіёнаў краін саюза пройдзе дыскусія, як устараніць бар'еры і ўзмацніць працэсы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці.

Традыцыйна на "Еўразійскім тыдні" адбудуцца дыскусіі па пытаннях супрацоўніцтва з краінамі - партнёрамі ЕАЭС. На гэты раз адно з такіх мерапрыемстваў будзе прысвечана Кітаю, з якім у маі бягучага года падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве; другое - Ірану, які тады ж падпісаў часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю.

На пасяджэнні Дзелавога савета ЕАЭС прадстаўнікі бізнесу вызначаць прыярытэты развіцця галін эканомікі саюза, абмяркуюць, як павысіць канкурэнтаздольнасць за кошт кааперацыі, і дамовяцца аб сумесным прасоўванні прадукцыі на рынкі трэціх краін. Запланавана пасяджэнне Кансультатыўнага савета па ўзаемадзеянні ЕЭК і Дзелавога савета ЕАЭС.

У галіновым трэку намечаны сесіі і дыскусіі, прысвечаныя развіццю кааперацыі і пашырэнню экспартных магчымасцей у сферы інфармацыйных тэхналогій і дакладнай інжынерыі, у сельскай гаспадарцы, лёгкай прамысловасці, на рынку фармацэўтычных тавараў і медыцынскіх вырабаў, у ювелірнай і святлотэхнічнай галінах, а таксама пры стварэнні разумных гарадоў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням стварэння агульнай інфраструктуры, распрацоўцы адзіных стандартаў і гарманізацыі заканадаўства.

Адна з галіновых падзей "Еўразійскага тыдня" - фінал конкурсу інавацыйных праектаў "Еўразійскія лічбавыя платформы і ўзнагароджанне пераможцаў.

Паводле слоў арганізатараў, бізнес-трэк дзелавой праграмы дасць магчымасць вырашыць практычныя пытанні, якія ўзнікаюць у прадпрымальнікаў, пашырыць дзелавыя кантакты ў ЕАЭС і трэціх краінах. Сярод запланаваных мерапрыемстваў - дыскусія прамыслоўцаў і транспартнікаў аб праблемах транспартна-лагістычнага комплексу. Яшчэ дзве тэмы для абмеркавання: стварэнне новых лічбавых прадуктаў для рынку ЕАЭС і вытворчасць "разумных" будматэрыялаў. Адбудуцца і практыкумы для прадпрымальнікаў - як заснаваць бізнес для выхаду на рынак ЕАЭС, зайсці ў гандлёвыя сеткі.

"Праграма форуму садзейнічае пошуку агульных практычных рашэнняў і развіццю бізнесу. Нам важна, каб вытворцы і пастаўшчыкі прадукцыі з розных дзяржаў атрымалі максімум карыснай інфармацыі і пашырылі дзелавыя сувязі для паспяховага вядзення бізнесу на рынку ЕАЭС. Форум дае прадпрымальнікам магчымасць атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, непасрэдна ў прадстаўнікоў органаў улады і інстытутаў развіцця, фінансавых рэгулятараў, экспертаў з ЕАЭС і трэціх краін", - пракаменціравала член Калегіі (міністр) па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі Вераніка Нікішына.

У гэтым годзе запланавана маштабная выстаўка экспартнага і кааперацыйнага патэнцыялу ЕАЭС, у якой прымуць удзел больш за 120 кампаній розных галін: сельская гаспадарка, лёгкая прамысловасць, дакладная інжынерыя і ІТ, інавацыйныя будаўнічыя матэрыялы, ювелірная прамысловасць, фармацэўтыка.

Удзел у форуме "Еўразійскі тыдзень" бясплатны. Рэгістрацыя на афіцыйным сайце www.eurasianweek.com.

Форум "Еўразійскі тыдзень" - штогадовае мерапрыемства, якое праводзіцца краінамі ЕАЭС і ЕЭК. Ініцыятыва правядзення форуму зацверджана ў маі 2015 года рашэннем пяці прэм'ер-міністраў дзяржаў - членаў ЕАЭС. Мерапрыемства ўключае дзелавую і выставачную часткі, садзейнічае ўстанаўленню B2B- і B2G-кантактаў.

Упершыню форум адбыўся ў кастрычніку 2016 года на пляцоўцы Маскоўскага міжнароднага форуму "Адкрытыя інавацыі". Другі форум прайшоў у жніўні 2017 года ў Астане. Падзея штогод збірае больш за 2 тыс. удзельнікаў з дзяржаў ЕАЭС і іншых краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі