Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 лістапада 2017, 15:53

ЕС прадоўжыць аказваць падтрымку Беларусі ў перагаворах з МВФ - Віктарын

2 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Еўрасаюз прадоўжыць аказваць падтрымку Беларусі ў перегаворах з Міжнародным валютным фондам, заявіла сёння кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын на канферэнцыі "Кастрычніцкі эканамічны форум "Падмуркі будучыні", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для Еўрасаюза супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі мае вялікае значэнне. ЕС заўсёды дапамагаў і падтрымліваў перагаворны працэс Беларусі з МВФ. Наша глыбокая перакананасць - пагадненне з МВФ значна палепшыць сітуацыю ў беларускай эканоміцы, калі яно будзе дасягнута, а таксама паслужыць пазітыўным сігналам для ўсяго свету. Беларусі важна сфарміраваць станоўчы імідж і пасылаць правільныя паведамленні міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці", - сказала Андрэа Віктарын.

Андрэа Віктарын адзначыла станоўчы вопыт узаемадзеяння Беларусі і ЕС. "У гэтым годзе мы падпісалі кантракт на 6 млн еўра з ЕБРР па падтрымцы эканамічнага развіцця ў рэгіёнах. Сэнс гэтага праекта ў тым, каб малыя і сярэднія прадпрыемствы на месцах атрымалі доступ да грантавых сродкаў да 70 тыс. еўра для кансультацыйных паслуг. Гэтыя гранты могуць быць выкарыстаны на распрацоўку бізнес-планаў, удасканаленне маркетынгу, сістэм сертыфікацыі. Мы лічым, што такая дапамога дасць магчымасць значна павысіць якасць работы малых і сярэдніх прадпрыемстваў, павялічыць колькасць рабочых месц. Аналагічны праект, які накіраваны на далейшае ўдасканаленне і спрашчэнне бізнес-клімату, мы рэалізуем з Сусветным банкам. Спадзяёмся, што ўсе разам мы рухаемся ў правільным напрамку", - сказала Андрэа Віктарын.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што згаданыя праекты не адлюстроўваюць паўнату ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС. "Мы прапануем шырокі спектр інструментаў, якімі можа скарыстацца Беларусь. У прыватнасці, краіна можа атрымліваць крэдытныя рэсурсы ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, таксама ён можа дапамагчы прыцягнуць прыватныя рэсурсы. Наша цеснае супрацоўніцтва адкрые дзверы для інвестыцый у такія галіны, як транспарт, камунікацыі, устойлівая энергетыка, кіраванне адходамі і воднай інфраструктурай", - сказала Андрэа Віктарын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі