Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 лютага 2018, 16:57

Эксперты завяршаюць прапрацоўку праекта пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў СНД

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эксперты завяршаюць прапрацоўку праекта пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў СНД, заявіў сёння першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі на адкрыцці ў Мінску кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, прысвечаных узаемадзеянню ў Садружнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

Віктар Гумінскі праінфармаваў удзельнікаў кансультацый, што "актыўная экспертная прапрацоўка дакумента выйшла на фінішную прамую і ўжо на бліжэйшым пасяджэнні Эканамічнага савета СНД плануецца разгледзець пытанне аб стварэнні групы высокага ўзроўню для яго канчатковага ўзгаднення". Ён заклікаў прадстаўнікоў знешнепалітычных ведамстваў садзейнічаць актывізацыі работы сваіх дзяржаў па больш хуткім завяршэнні працэсу ўзгаднення і падпісання пагаднення.

Першы намеснік старшыні Выканкама СНД нагадаў, што неабходнасць аператыўнай дапрацоўкі праекта пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў рамках СНД падкрэслівалася на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, якое адбылося ў лістападзе 2017 года ў Ташкенце. Дакумент прызначаны садзейнічаць далейшаму збліжэнню эканомік, іх кааперацыі, нарошчванню ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязей.

Характарызуючы супрацоўніцтва ў эканоміцы ў цэлым, Віктар Гумінскі адзначыў, што сумесныя дзеянні краін Садружнасці накіраваны на паэтапнае ажыццяўленне стратэгіі эканамічнага развіцця СНД і міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД да 2020 года. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на неспрыяльныя знешнія фактары па выніках 2017 года аб'ём узаемнага гандлю краін СНД узрос на 25 працэнтаў.

У час кансультацый падводзіліся вынікі ўзаемадзеяння краін СНД у 2017 годзе, у тым ліку ў сферы бяспекі. Удасканаленне нарматыўна-прававой базы супрацоўніцтва арганічна спалучалася з яе практычнай рэалізацыяй у ходзе сумесных мерапрыемстваў, прадугледжаных мэтавымі сярэднетэрміновымі праграмамі супрацоўніцтва дзяржаў СНД у барацьбе з тэрарызмам, злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў, незаконнай міграцыяй, гандлем людзьмі, кіберзлачыннасцю. Прадоўжана ўзаемадзеянне ў ваеннай сферы і пытаннях аховы граніц. Яшчэ адным прыярытэтам дзейнасці СНД у 2017 годзе стала рэалізацыя раней прынятых рашэнняў па ўдасканаленні і адаптацыі Садружнасці да сучасных умоў.

Закранаючы перспектывы супрацоўніцтва, Віктар Гумінскі падкрэсліў, што "прыярытэтнай задачай, як і раней, застаецца павышэнне эфектыўнасці СНД, рост яе аўтарытэту на міжнароднай арэне, умацаванне інтэграцыі дзяржаў-удзельніц у мэтах забеспячэння міру, добрасуседства і прагрэсу на прасторы Садружнасці". У 2018 годзе ў СНД старшынствуе Таджыкістан. Першы намеснік старшыні Выканкама СНД пажадаў таджыкскаму боку поспехаў у далейшым умацаванні і развіцці ўзаемадзеяння ў СНД. Віктар Гумінскі таксама выказаў удзячнасць Расіі за паспяховае старшынства ў СНД у 2017 годзе, якое было накіравана на далейшае ўмацаванне Садружнасці як рэгіянальнай міждзяржаўнай арганізацыі, пашырэнне ўзаемадзеяння ў эканамічнай і культурна-гуманітарнай сферах, развіццё супрацоўніцтва ў сферы бяспекі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі